У гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшлі першынствы раёна па валейболе сярод дзяўчат і юнакоў 2006-2008 гадоў нараджэння.
Сярод дзяўчат у першынстве прынялі ўдзел спартсменкі з сямі ўстановаў адукацыі. Як і летась, валейбалісткі з Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы былі лепшымі на пляцоўцы і па праве заслужылі “пальму першынства”. Услед за імі добра сябе праявілі ў гульні і занялі другое месца дзяўчаты з Гезгалаўскай сярэдняй школы, тройку лідараў замкнулі гімназісткі.
Сярод юнакоў у спаборніцтвах удзельнічалі навучэнцы з васьмі школ. Каманды былі падзелены на дзве групы, у кожнай з якіх вялася барацьба за лідарства.
Па выніках усіх гульняў другі год запар “валейбольны” трыумф атрымліваюць спартсмены з Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Трохі адсталі ад сваіх дзяўчат хлопцы з Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы: яны сталі другімі; бронза – у юных валейбалістаў з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.
Прызёрам раённых спаборніцтваў уручылі заслужаныя дыпломы розных ступеняў, а чэмпіёнам – яшчэ і грашовыя прызы. Традыцыйна арганізатарам спаборніцтваў выступіў раённы фізкультурна-спартыўны клуб.
Варта адзначыць, што з лепшых гульцоў раённых першынстваў будуць сфарміраваны зборныя каманды юнакоў і дзяўчат, якія прадставяць Дзятлаўшчыну на абласных спартакіядах па валейболе сярод сельскіх жыхароў “Каласок” і па месцы жыхарства.
###
Стартаваў чэмпіянат Гродзенскай вобласці па валейболе сярод жаночых каманд. У спаборніцтвах штогод прымаюць удзел дзятлаўскія спартсменкі.
У 1 туры першага круга нашы валейбалісткі былі мацнейшыя за саперніц з Астраўца – 3 : 2.
Чарговы матч жаночай зборнай Дзятлаўскага раёна адбудзецца 26 сакавіка ў гімназіі № 1 горада Дзятлава ў 13 гадзін. Прыходзьце падтрымаць дзятлаўчанак!
###
У Шчучыне згулялі штогадовыя абласныя спаборніцтвы па валейболе сярод жанчын “Залаты Колас”. На перамогу прэтэндавалі 10 каманд з усёй Гродзеншчыны, у састаў якіх увайшлі сельскія жыхаркі. Дзятлаўскі раён прадставілі Ала Лапатэй, Кацярына Магбіці, Сабіна Пабядзінская, Паліна Адамчык, Кацярына Барысенка, Таццяна Макарчык, Дзіяна Крамянеўская і Алена Сіняк. Па выніках спаборніцтваў нашым валейбалісткам не ўдалося патрапіць у тройку лідараў.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота ўдзельнікаў спаборніцтваў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga