У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася сустрэча краязнаўцаў, прысвечаная выхаду з друку кнігі даследчыка роднай Дзятлаўшчыны Валерыя Петрыкевіча пад назвай “Там, дзе цячэ Маўчадка”.
На сустрэчы прысутнічалі таксама супрацоўнікі музея, настаўнікі гісторыі, сябры і паплечнікі Валерыя Міхайлавіча, былыя калегі і вучні.
Валерыю Петрыкевічу пашчасціла нарадзіцца ў сям’і мудрага бацькі – Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, заснавальніка і першага дырэктара Дзятлаўскага краязнаўчага музея. Менавіта сямейная атмасфера любові і ўзаемапавагі паспрыяла таму, што хлопчык вырас цікаўным, жвавым і разумным, неабыякавым да таго, чым займаўся тата, яго сябры – пісьменнікі і гісторыкі, якія часта наведваліся да бацькі. І той энтузіязм, самаадданасць, патрыятызм, якія кіравалі ўчынкамі бацькі, перадаліся і яму. Не адразу, з гадамі, з прыходам жыццёвага вопыту і разумення сапраўдных каштоўнасцей, адна з якіх – вера ў свой народ і родны край.
У Дзятлава Валерый Міхайлавіч прыехаў зусім маладым хлопцам. Выкладаў фізкультуру, адразу ўзяў пад сваё крыло таленавітых да спорту хлопцаў і дзяўчат, пачаў рыхтаваць іх да розных спаборніцтваў. Заняў вольны час, дапамог зразумець сілу і радасць фізічных нагрузак, паходаў, водных сплаваў.
Тут, у Дзятлаве, знайшоў і асабістае шчасце, сустрэў сваю адзіную, самую лепшую на свеце жанчыну – Наталлю Георгіеўну, з якой яны пражылі пяцьдзясят гадоў душа ў душу, выгадавалі і дапамаглі выбраць жыццёвы шлях дваім дзецям, сыну Аляксею і дачцэ Таццяне.
Валерый Міхайлавіч і для мяне стаў сапраўдным сябрам і аднадумцам. Гэта здарылася яшчэ ў сярэдняй школе № 3, дзе мы разам працавалі адзінаццаць гадоў. Але асабліва мы зблізіліся пасля таго, як я прыйшла працаваць у краязнаўчы музей. Сумесныя паездкі на турыстычныя маршруты, пошукі каштоўных экспанатаў і партызанскіх мясцін, музейныя мерапрыемствы, расказы пра гісторыю Дзятлаўшчыны, у якую толькі пагружалася – усё гэта поруч з Валерыем Міхайлавічам. І мая яму дапамога ў наборы артыкулаў на камп’ютары, вычытка, складанне макета яго кнігі – гэта таксама прыносіць задавальненне ад стасункаў, размоў, гумару і добрага сяброўскага слова. Бо Валерый Міхайлавіч – сапраўдны краязнаўца, які сваімі нагамі выхадзіў усе сцежкі-дарожкі малой радзімы, ведае кожны яе куток.
Уласная, вынашаная душою і сэрцам кніга Валерыя Петрыкевіча стане тым следам у гісторыі роднай зямлі, які ніколі не сатрэцца. Валерый Міхайлавіч трымае яе ў руках, а на вачах выступаюць слёзы радасці. Сапраўднай чалавечай радасці ад выніку ўласнай працы.
Часта кажуць: узнагарода знойдзе свайго героя. Яно сапраўды так. Калі чалавек бескарысліва служыць Бацькаўшчыне, аддае апошнія сілы на добрую справу, Бог беражэ яго і ашчаджае. І пакідае нам для прыкладу і самаўдасканалення. Так і Валерый Міхайлавіч, перажыўшы цяжкую хваробу, працягвае ініцыіраваць новыя праекты. Ужо працуе над новай кнігай, якая будзе ўяўляць сабой алфавіт Дзятлаўшчыны. У ёй на кожную літару будзе артыкул па гісторыі роднага краю.
Дай Бог Валерыю Міхайлавічу здароўя і доўгіх гадоў жыцця, і няхай уецца яго шлях па дзятлаўскай зямлі бясконца.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga