У сферы працоўных адносін

Грамадства Свежыя навіны

Па ініцыятыве раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК адбылася вучоба прафсаюзнага актыву і адказных спецыялістаў па ахове працы, кадравых службаў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна.

Тэма – ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы і яе ахове. Увагу гэтаму пытанню надалі невыпадкова: сельскагаспадарчыя арганізацыі знаходзяцца на старце масавых палявых работ. Прафілактыка вытворчага траўматызму і парушэнняў у сферы працоўных адносін – асноўная мэта вучобы.

Галоўны прававы інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Шышко расказаў аб судовай практыцы па абароне працоўных правоў і законных інтарэсаў работнікаў – членаў прафсаюза. Таксама ён спыніўся на некаторых пытаннях па працоўных адносінах, закрануў тэмы парадку прымянення да работнікаў дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці і правільнасці дакументальнага афармлення правапарушэнняў. У сваю чаргу, ажыццяўленню грамадскага кантролю за аховай працы на прадпрыемствах адказнымі спецыялістамі і грамадскімі інспектарамі надаў увагу галоўны тэхнічны інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Віталь Крыштопік. Спецыяліст падрабязна паказаў сітуацыю з траўматызмам за прошлы год на Гродзеншчыне. Пазначыў асноўныя прычыны, якія спрыяюць росту вытворчага траўматызму са смяротным і цяжкім зыходамі.

Таксама згадалі аб тым, што раённая мабільная група рэгулярна праводзіць маніторынгі стану аховы працы на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу і выяўляе парушэнні. Прычым некаторыя з іх паўтараюцца з году ў год. Па дадзенай праблемнай тэме таксама выступіў галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпан Вольскі. Акрамя гэтага, ён расказаў аб ступені гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый да вясновай пасяўной кампаніі ў частцы забяспечанасці работнікаў спецвопраткай і спецабуткам, сродкамі індывідуальнай абароны, праходжання гадавога медыцынскага агляду.

На семінары адзначылі, што ўсе аб’екты харчавання ў сельскагаспадарчых арганізацыях Дзятлаўскага раёна гатовыя да новага сезона. У гэтым напярэдадні пераканаліся прадстаўнікі райкама прафсаюза і райЦГЭ.

– Удалага старту і добрага надвор’я вам, паважаныя аграрыі Дзятлаўшчыны, – пажадалі прысутным выступоўцы.

У канцы мерапрыемства ўдзельнікі пазнаёміліся з галоўнымі турыстычнымі маршрутамі роднага краю, пра якія падрабязна расказала і паказала ў відэароліку галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga