У райвыканкаме. Вясновыя палявыя работы і бізнес-планы, якія аздараўляюць

Важнае Улада

Пытанні падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый да вясновых палявых работ і аздараўлення сельгасарганізацый абмеркавалі на пасяджэнні райвыканкама.

Па першым пытанні закранулі ўсе нюансы: падрыхтоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, наяўнасць і гатоўнасць тэхнікі, пытанні кадравага патэнцыялу. Гаварылі аб планах і перспектывах.

Як адзначыў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі, толькі якаснае выкананне ўсіх этапаў і патрабаванняў дазволіць дамагчыся добрых вынікаў падчас уборачнай кампаніі.

Забяспечанасць насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур гаспадаркамі раёна складае 117,9 %. Для падсеву шматгадовых траў сельскагаспадарчыя арганізацыі маюць 42,8 тоны насення або 138 % да патрэбы.

Вядзецца работа па закупцы пратравіцеляў насення, зараз гаспадаркі забяспечаны імі толькі на 72 %.

Пад яравую сяўбу ўраджаю 2022 года ўнесена і заарана 93 тысячы тон  арганічных угнаенняў на плошчы 1600 гектараў. З восені пад зябліва ўнесены калійныя ўгнаенні ў аб’ёме 1569 тон дзеючага рэчыва на плошчы 10 500 гектараў, фосфарных угнаенняў 158 тон дзеючага рэчыва на плошчы 3,5 тысячы гектараў.

З улікам заключаных дамоўленасцяў плануецца назапасіць 9578 тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў, што складае 146 % да ўзроўню 2021 года і 99,6 % да патрэбы, у тым ліку азотных 3904 тоны або 115 % да ўзроўню 2021 года і 102 % да патрэбы, фосфарных 557 тон дзеючага рэчыва, калійных – 5117. Нізкая забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі ў ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Хвінявічы”. Інтэнсіўна нарыхтоўваюцца і вывозяцца на палі арганічныя ўгнаенні. Нарыхтавана іх 395 тысяч тон, на палі вывезена 354 тысячы тон або 90 % ад нарыхтаванага.

Гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі складае: трактароў – 94 %, плугоў і глебаапрацоўчых машын – 93 %, камбінаваных глебаапрацоўчых і глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў – 94 %, сеялак і бульбасаджалак – 97 %, машын для ўнясення ўгнаенняў – 95 %. Адзначаецца нізкая тэхнічная гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі да правядзення вясновых палявых работ у КСУП “Жукоўшчына”, ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Войневічы”.

Дзятлаўшчына напрыканцы мінулага тыдня актыўна ўступіла ў пасяўную. Старшынёй райвыканкама пастаўлена задача – забяспечыць сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур за 10 дзён.

Андрэй Садоўскі таксама адзначыў, што ўвогуле вялікі аб’ём работ выкананы аграрыямі Дзятлаўшчыны на падрыхтоўчым этапе, людзі, якія імкнуліся і выканалі сваю працу годна, павінны быць заахвочаны прэміяльна.

Другі пункт парадку пасяджэння выканкама па актуальнасці нічым не саступаў першаму, хутчэй, наадварот: рэалізацыя Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2016 года № 253 “Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый” і ад 2 кастрычніка 2018 года № 399 “Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый” з’яўляецца найважнейшай задачай, якая стаіць перад аграрным сектарам. Працэдура фінансавага аздараўлення ў 2021 годзе праводзілася ў чатырох сельскагаспадарчых арганізацыях Дзятлаўскага раёна.

У дачыненні да дзвюх сельскагаспадарчых арганізацый “Вензавец” і “Слава працы” 24 лістапада 2020 года эканамічным судом Гродзенскай вобласці было прынята рашэнне аб працягу тэрміну ліквідацыйнай вытворчасці на адзін год да 24 лістапада 2021 года.

Сумесна з часовым антыкрызісным кіраўніком была праведзена работа па інвентарызацыі ўсёй маёмасці, пастаноўцы на ўлік няўлічаных асноўных сродкаў і ацэнцы маёмасці з мэтай рэалізацыі прадпрыемства як маёмаснага комплексу, распрацаваны і зацверджаны на сходзе крэдытораў планы ліквідацыі прадпрыемстваў.

У перыяд са студзеня па май 2021 года праводзілася работа па рэалізацыі маёмасці КСУПаў шляхам выстаўлення на таргі.

Што датычыцца КСУП “Хвінявічы”, гаспадарка не забяспечыла ў поўным аб’ёме выкананне вытворчых паказчыкаў, прадугледжаных бізнес-планам па фінансавым аздараўленні. Так, вытворчасць прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы склала 93,7 % да паказчыка бізнес-плана. Аднак, у КСУП “Хвінявічы” забяспечаны рост вытворчасці малака на 3,9 % да 2020 года і на 15 % да планавага паказчыка. Рэалізавана малака больш планавага значэння на 15,9 %. Бізнес-планам быў прадугледжаны надой на адну карову 5400 кілаграмаў, фактычна гэты паказчык склаў 6107 кілаграмаў, што на 707 кілаграмаў больш за запланаваны. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы па стане на 1 студзеня 2022 года павялічылася на 158 галоў. Разлікі па абавязацельствах, прадугледжаных бізнес-планам КСУП “Хвінявічы” ў 2021 годзе выкананы ў адпаведнасці з графікамі плацяжоў. Пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытных абавязацельствах перад банкамі па стане на 1 студзеня 2022 года не маецца.

Такімі станоўчымі вынікамі па фінансавым аздараўленні, як КСУП “Хвінявічы”, гаспадарка “Дварэц-Агра”, на жаль, пахваліцца не можа. ААТ “Дварэц-Агра” за 2021 год не справілася ў поўным аб’ёме з вытворчымі і фінансавымі паказчыкамі, устаноўленымі ў бізнес-плане, не выканала абавязацельствы перад крэдыторамі па пагашэнні графікаў плацяжоў за мінеральныя ўгнаенні і сродкі абароны раслін, несвоечасова разлічвалася па бягучых плацяжах з арганізацыямі-пастаўшчыкамі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: