Штучны ажыятаж і пажаранебяспечны сакавік

Важнае Улада

Як дзятлаўчане муку з цукрам раскуплялі, палі ад вогнішча ратавалі, першыя суботнікі ладзілі, абмяркоўвалі адказныя службы на штотыднёвай нарадзе пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі.

Галоўная ўвага бяспецы

Сухое сонечнае надвор’е сакавіка вабіць аматараў навядзення парадку на зямлі актыўна ўзяцца не толькі за граблі, але яшчэ і за запалкі. Толькі ўдумайцеся: за мінулы тыдзень ратаўнікі Гродзенскай вобласці 440 разоў выязджалі на пажары, звязаныя з выпальваннем сухой расліннасці. 16 узгаранняў адбыліся ў нашым раёне. Ужо ёсць у вобласці пацярпелыя на гэтых пажарах.

– На жаль, месцы, дзе стаіць няскошаная трава, у нас таксама ёсць, – адзначыў Віталій Шулейка. – Дзе варта яе скасіць – косім, дзесьці на дапамогу для абворвання населеных пунктаў “паклікалі” сельскагаспадарчую тэхніку. Усім разам неабходна падключыцца, каб не пацярпелі ні людзі, ні маёмасць, ні сельскагаспадарчыя ўгоддзі. А жыхароў раёна, асабліва ўласнікаў прыватных дамоў, у чарговы раз прызываю задумацца і забыцца пра выпальванне смецця і сухой травы ў такі пажаранебяспечны перыяд.

Дзе пустыя паліцы?

Віталій Шулейка паставіў адказным службам задачу пастаянна кантраляваць і ацэньваць наяўнасць тавараў на паліцах магазінаў. Як адзначыла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Вольга Жэлезоўская, дэфіцыту ярка выяўленага не назіраецца, некаторыя віды прадукцыі, напрыклад, муку ў сувязі з ажыятажам на выхадных разабралі, але ўжо сёння ў магазінах раёна яе запасы папоўняцца – у вытворцаў на складах прадукцыі дастаткова.

– Калі мы будзем своечасова папаўняць запасы тавараў, у першую чаргу харчовых, рабіць унутраную перакідку з аднаго магазіна ў другі, каб не ствараць дэфіцыт, то такі штучны ажыятаж спадзе вельмі хутка, бо ў людзей не будзе падставы засумнявацца ў стабільнасці “прадуктовай” бяспекі, – падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама. – Справакаваць неадназначную сітуацыю можа толькі халатны, безадказны дырэктар магазіна, які загадзя не заказаў неабходны тавар.

Гістарычная памяць у турыстычным увасабленні

У мінулыя выхадныя ў вёсцы Руда Яварская прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні памятнага месца па шляху будучага веласіпеднага маршруту “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, адкрыццё якога плануецца ў маі. Як патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, на гэтым суботніку выкананы дастаткова вялікі аб’ём работ, між тым, для поўнай разборкі будынка былой школы і выкарыстання бярвення ад яго для стварэння зямлянак (згодна з турыстычнай ідэяй) трэба правесці яшчэ два падобныя суботнікі.

Кавід і далей шпацыруе па планеце

Зніжэнне колькасці пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй дазваляе медыкам вяртацца да звычайнага рэжыму работы. Праўда, аб тым, што кавід наогул сыдзе, пакуль казаць не прыходзіцца – на мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне зарэгістравана 40 новых выпадкаў захворвання. Галоўны санітарны доктар раёна Алена Шайбак нагадала, што важнае значэнне ў прафілактыцы захворвання маюць прышчэпкі. У раённай паліклініцы зараз ёсць вакцына як кітайскай, так і расійскай вытворчасці, у тым ліку “Спутник Лайт”. Прышчапіцца ёю бясплатна могуць усе жадаючыя.

Суседзі, прахожыя змогуць зрэагаваць

На рэалізацыі сумеснага праекта ратаўнікоў і выканаўчых, распарадчых органаў заўважыў увагу прысутных Віталій Шулейка – у бягучым годзе плануецца ўстаноўка гукавых або светлавых сігнальных супрацьпажарных устройстваў на вонкавай частцы жылля пажылых грамадзян, якім 80 і больш гадоў. Гэта звязана з больш частымі выпадкамі гібелі сталага насельніцтва на пажарах. Зараз высвятляюцца крыніцы фінансавання праекта і вызначаецца колькасць насельніцтва раёна, якое адпавядае дадзенай узроставай групе. Такія супрацьпажарныя ўстройствы будуць устаноўлены не толькі ў Дзятлаўскім раёне, але і па ўсёй Гродзенскай вобласці.

Аздараўляйцеся і ўражвайцеся

Напрыканцы нарады да яе ўдзельнікаў далучыўся прафсаюзны лідар раёна Валерый Макарчык.

Ён звярнуўся праз намеснікаў старшыні райвыканкама да ўсіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Дзятлаўшчыны з просьбай нагадаць сваім работнікам аб магчымасцях аздараўлення ў прафсаюзных санаторыях і ўдзелу прафсаюзных пярвічак у турыстычных паездках на прыемных умовах з фінансавай падтрымкай ад прафсаюзаў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: