Савету ветэранаў Дзятлаўшчыны – 35 гадоў

Галоўнае Грамадства

Урачысты сход удзельнікаў аб’яднання, прымеркаваны да юбілейнай даты, адбыўся 11 сакавіка ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці з запрашэннем прадстаўнікоў раённай улады, Савета дэпутатаў, працоўных калектываў, старшыняў сельвыканкамаў, грамадскасці.

З вітальным словам да ўдзельнікаў пасяджэння звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч:

Савет ветэранаў – адна з найбольш аўтарытэтных і масавых грамадскіх арганізацый Дзятлаўшчыны, якая аб’ядноўвае заслужаных людзей, чый працоўны шлях выклікае павагу і гонар. Усе вы людзі з цікавым лёсам і ў свой час унеслі вялікі ўклад у развіццё нашага раёна. Што важна, вы і цяпер застаяцеся ў страі, служыце прыкладам для моладзі, займаеце актыўную жыццёвую пазіцыю, надаяце вялікую ўвагу выхаванню дзяцей, з вашым удзелам праходзяць усе раённыя мерапрыемствы. Выказваем вам глыбокую  ўдзячнасць за вашы мудрасць, вопыт, добрыя справы і працу на карысць раёна. Жадаю вашай арганізацыі працвітання і дабрабыту, усім вам – здароўя, даўгалецця, шчасця, аптымізму, міру і дабра. Са святам!

Аб гісторыі стварэння Дзятлаўскай раённай ветэранскай арганізацыі, яе лідарах, важных справах на сучасным этапе расказаў старшыня аб’яднання Міхаіл Губар.

– На ўрачыстым сходзе прысутнічаюць 30 ветэранскіх арганізацый Дзятлаўшчыны, якія прадстаўляюць ветэранаў працы, Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, работнікаў арганізацый і гаспадарак раёна.

Ён адзначыў, што цяпер раённы савет ветэранаў – гэта 40 чалавек, 9 з якіх уваходзяць у прэзідыум, працуюць 5 камісій. На 1 сакавіка 2022 года на ўліку ў раённым аб’яднанні знаходзяцца 6879 ветэранаў, у тым ліку 3 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 12 вязняў канцлагераў, 4 сям’і загінулых воінаў, 72 воіны-інтэрнацыяналісты. Справаздачны перыяд быў насычаны важнымі гістарычнымі і палітычнымі падзеямі, у якіх актывісты арганізацыі прымалі актыўны ўдзел.

Галоўнае ў рабоце аб’яднання, падкрэсліў Міхаіл Губар, – цесная сувязь са структурамі выканаўчай улады і грамадскімі аб’яднаннямі раёна, што дапамагае вынікова спраўляцца з пастаўленымі задачамі, павышаць ролю пярвічак.

Зроблена многае. Для ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў, выхавання патрыятызму ў падрастаючага пакалення ў 2016-2020 гадах праведзены 3 гістарычныя віктарыны з узнагароджваннем пераможцаў. У рамках акцыі “Вяртанне” ў 2016 годзе адбыўся рытуал забору зямлі з магілы радавога Максіма Вяткіна, пахаванага на вайсковых могілках санаторыя “Наваельня”, з перадачай капсулы на яго Радзіму ў Свярдлоўскую вобласць. Актыўна раённы савет ветэранаў удзельнічаў у мерапрыемствах да Дня ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

На тэрыторыі Дзятлаўшчыны знаходзяцца 58 воінскіх пахаванняў, 31 помнік воінскай славы. Прадаўжаецца пошук і збор інфармацыі аб загінулых з удзелам краязнаўцы Міхаіла Лук’янчыка. Падтрымліваецца супрацоўніцтва з газетай “Перамога” па публікацыі артыкулаў аб гісторыі дзятлаўскай зямлі, вядомых земляках, працаўніках, цікавых мерапрыемствах.

На базе аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Дзятлаўскага раёна функцыянуюць аб’яднанні “Нам гады не бяда”, “Пазнай-ка”, актыўная ветэранская арганізацыя Дварэцкага сельсавета “У коле сяброў”, развіваецца мастацкая самадзейнасць: народны хор ветэранаў “Ветэраны ў страі” пры раённым цэнтры культуры адзначаны ўзнагародамі за высокае выканаўчае майстэрства. Для ветэранаў раёна арганізоўваюцца экскурсіі, дабрачынныя акцыі, сацыяльная падтрымка, медыцынскія агляды, самі яны таксама дораць цеплыню сэрцаў тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

Вопытам сваёй работы таксама падзяліліся намеснік старшыні раённага савета ветэранаў, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Валянцін Абухаў, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Яўгенія Савань, актывістка клуба ветэранаў аграгарадка Дварэц “У коле сяброў” Валянціна Скок.

Прыемным момантам урачыстага сходу стала ўзнагароджванне. Ганаровай граматай райвыканкама адзначана Ядвіга Гушча, Падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама – Яўгенія Савань, Валянціна Скок, Міхаіл Лук’янчык, Валянціна Лябецкая. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі ўручыў Ганаровую грамату райсавета Тамары Крывеня, Падзячныя лісты – Сямёну Ляшэвічу, Яніне Ігнацік, Алене Шуцько.

Каштоўным падарункам раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” узнагароджаны Валянцін Абухаў. Уручаны ўзнагароды ад раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённага камітэта ГА “БРСМ”, раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ЦСАН Дзятлаўскага раёна.

Добры настрой удзельнікам пасяджэння дарылі артысты народнага хору ветэранаў “Ветэраны ў страі”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: