Рабіць дабро людзям – залог поспеху прафсаюзнага лідара

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Вось кажуць: у вёсцы моладзі не месца – сумна, заняцца няма чым, ніякіх забаў пасля працы, калі толькі хуценька ажаніцца ці выйсці замуж, абзавесціся дзецьмі.

Тады ўжо невыкрутка, трэба асядаць. А так… Прыехаў па размеркаванні, адпрацаваў – і ў горад, у цывілізацыю, да культурных каштоўнасцей. Яно, можа, і так, ды не заўсёды.

Яскравы прыклад – Алена Зенчык, старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Граніт-Агра”. І не таму, што нарадзілася дзяўчына ў вёсцы, з дзяцінства любіла працаваць на зямлі, падымацца разам з сонейкам, купацца ў рэчцы на зорцы, хадзіць у лес па грыбы. Зусім не. Прычына яе сакрэту зусім у іншым – проста цікава працаваць, усё задавальняе, калектыў выдатны, з кіраўніком гаспадаркі Станіславам Мазурам поўнае паразуменне і пастаяннае супрацоўніцтва, жыллём забяспечана – жарты сказаць, цэлая асобная кватэра ў яе распараджэнні. Што яшчэ трэба? Ах, так, забавы. А тут у Лены, Алены Сяргееўны, свой падыход – адпачываць трэба з розумам, актыўна, мэтанакіравана, ствараючы розныя напрамкі гэтага самага адпачынку не толькі для сябе, але і для ўсяго калектыву. А ў калектыве 493 члены прафсаюза, і сярод іх 78 работнікаў – моладзь ва ўзросце да 31 года, і сямейныя, і халастыя. І ніхто не скардзіцца, усім цікава, усе з жаданнем працуюць, вечарамі займаюцца спортам, удзельнічаюць у турзлётах, рачных сплавах, экскурсійных паездках, культурных мерапрыемствах. Усе пры справе, занятыя, актыўныя, у прыўзнятым настроі. І не толькі маладыя. У гаспадарцы ўжо стала традыцыяй рабіць усё разам, прыцягваць да калектыўных спраў па магчымасці большую колькасць работнікаў. А як жа! Каб ніхто не крыўдзіўся, што забыліся, не прапанавалі паўдзельнічаць, не далі заданне.

Але на першым месцы дапамога. Не толькі маральная, але і матэрыяльная. Не пакінуць чалавека сам-насам з яго бядой, падтрымаць, знайсці сродкі і аплаціць адпачынак у санаторыі, застрахаваць на перыяд пандэміі. Ды і проста аказаць фінансавую дапамогу – на лекі або на вітаміны. Чым хутчэй чалавек устане на ногі, тым большую карысць ад яго працы атрымае прадпрыемства.

А вось турыстычныя паездкі – гэта асобны артыкул. І тут кіраўнік гаспадаркі заўсёды ідзе насустрач, выдзяляе транспарт або грошы на арганізацыю паездкі праз турфірму. Асабліва запомнілася калектыву паездка ў Львоў. Вялікім камфартабельным аўтобусам, на некалькі дзён, з начлегам. І зноў жа ездзілі не толькі маладыя, але і людзі пенсійнага ўзросту, а іх у гаспадарцы працуе нямала. І ніхто не паскардзіўся на стомленасць, на дрэннае самаадчуванне. Як кажуць у народзе, калі працаваць у купе, дык не баліць у

пупе. Добра сказана, ёмка, якраз пра тое, як жывуць і працуюць у ААТ “Граніт-Агра”. І ў цэнтры падзей заўсёды яна, Алена Сяргееўна, усмешлівая, добразычлівая, сціплая дзяўчына. Але які лідар!

Такая маладая, а ўжо ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю самай лепшай гаспадаркі ў раёне. Значыць, спраўляецца, раз абралі, даверылі. Сёння пад яе пільнай увагай знаходзіцца яшчэ 7 прафгруп у розных населеных пунктах гаспадаркі. А нядаўна да ААТ “Граніт-Агра” далучылі камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Белагурна”. І туды паспявае наведвацца прафсаюзны лідар, паразмаўляць з людзьмі, даведацца пра іх патрэбы і, вядома ж, дапамагчы. Значыць, нездарма даручылі Алене Зенчык такую важную справу – работу з людзьмі.

У прафсаюзнай арганізацыі “Граніт-Агра” важкія дасягненні. І адно з іх – першае месца ў раённым конкурсе на лепшую пярвічку. Прэтэндэнтаў было шмат, доўга рыхтаваліся, збіралі матэрыялы, чарцілі на камп’ютары дыяграмы, пацвярджалі факты работы фотадакументамі, паказвалі кірункі прафсаюзнай работы. Былі ў гранітаўцаў годныя канкурэнты. Але члены камісіі абралі ўсё ж пярвічку “Граніт-Агра” зусім не таму, што матэрыялы былі прадстаўлены самыя поўныя, а таму, што кожны факт – рэальнае дзеянне, вялізная праца, зробленая ўсім калектывам, цікавая і шматпланавая, пра якую часта піша раённая газета.

Узяць, напрыклад, наступныя факты. Кожнаму работніку, паводле яго заявы, прадастаўляецца дапамога ў выглядзе добраахвотнага страхавання медыцынскіх расходаў з выдачай страхавога поліса тэрмінам на 1 год. У 2021 годзе атрымалі страхавы поліс 59 работнікаў, у 2022 – 98. Штомесяц кожны работнік прадпрыемства атрымлівае прадуктовы пакет на суму 40 рублёў. Гэта прадукцыя ААТ “Молочный Мір” і ААТ “Слонімскі мясакамбінат”.

У сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне гаспадарка з 19 лістапада 2020 года застрахавала сваіх работнікаў не толькі ад віруснай інфекцыі COVID-19, але і ад няшчасных выпадкаў.

У санаторыях унітарнага прадпрыемства “Белпрафсаюзкурорт” за 2-е паўгоддзе 2021 года прайшлі аздараўленне па поўнай пуцёўцы 5 членаў прафсаюза, а таксама 3 чалавекі – па праграме “Тур выхаднога дня”. Дзецям работнікаў, членаў прафсаюза, выдзяляюцца пуцёўкі ў дзіцячы аздараўленчы лагер “Баравічок” пры санаторыі “Радон”, аказваецца дапамога ў рамках прафсаюзных акцый “Збяром дзяцей у школу”, “Нашы дзеці”. Са сродкаў арганізацыі і прафсаюзнага бюджэту членам прафсаюза выплочваюцца разавыя грашовыя ўзнагароджанні да юбілейных дат, прафесійных святаў і іншых значных падзей. Да Дня працаўніка сельскай гаспадаркі і

перапрацоўчай прамысловасці АПК было прымеркавана адкрыццё пакоя адпачынку для вадзіцеляў.

Адным з важнейшых напрамкаў работы прафсаюзнага камітэта з’яўляецца здаровы лад жыцця, у прыватнасці спорт. І тут у гранітаўцаў мноства дасягненняў. Каманда ААТ “Граніт-Агра” неаднаразова займала прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах сярод санітарных дружын, раённым турысцкім злёце. І мінулы год не стаў выключэннем – каманда гаспадаркі прадстаўляла Дзятлаўскі раён на абласным турыстычным злёце, прымерканым да Года народнага адзінства, і заняла першае месца.

Нядаўна скончыліся будаўнічыя работы па падрыхтоўцы пляцоўкі для гульняў у пляжны валейбол у аграгарадку Круцілавічы. Цяпер рыхтуецца міні-футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём і агароджай з убудаванымі варотамі па вуліцы Цэнтральнай. Для правядзення выязных культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў адміністрацыя выдзяляе аўтатранспарт, удзельнікі мерапрыемстваў стымулююцца матэрыяльна.

Праца не спыняецца ні на адзін дзень. Таму і не з’язджае моладзь з гаспадаркі. А навошта? Ад дабра дабра не шукаюць. Усё для жыцця ёсць, толькі старайся, працуй. А прафсаюзны лідар заўсёды побач. Інакш нельга, бо дзяўчына любіць рабіць дабро людзям, таму і сама шчаслівая. Вось і ўвесь сакрэт!

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па рабоце з грамадскасцю Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga