З 5 да 25 сакавіка ў Беларусі ажыццяўляецца комплекс дадатковых мер па папярэджанні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць здароўя грамадзян.
Кожны тыдзень праваахоўнікі праводзяць сустрэчы з суб’ектамі прафілактыкі на базе АУС Дзятлаўскага райвыканкама. Чарговая была прысвечана правапарушэнням у сям’і.
Для гутаркі ў райаддзел унутраных спраў запрасілі асобаў, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў у побыце, тых, хто не працуе, злоўжывае алкагольнымі напоямі.
Перад прысутнымі выступілі начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Біль, начальнік аддзела правапарадку і прафілактыкі Андрэй Юшкевіч, доктар-нарколаг Барыс Отчык, а таксама старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Вольга Індура.
Жыхары раёна, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, могуць звярнуцца па псіхалагічную, матэрыяльную падтрымку, атрымаць часовы прытулак і дапамогу ў працаўладкаванні, было адзначана ў час сустрэчы.
Удзельнікам мерапрыемства растлумачылі змяненні ў заканадаўстве аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў, нагадалі пра адказнасць, правялі з кожным індывідуальную прафілактычную гутарку.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga