Лідзія Груша: “Дзень за днём у шчырай працы”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сонца ўсё цяплей і ласкавей сагравае зямлю, і артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская і Марына Варган з праектам “Глыбінкай жыве Беларусь” спяшаюцца павіншаваць сакавіцкіх юбіляраў.

Нярэдка ад землякоў работнікі культуры чуюць адно і тое ж пытанне: “Якім павінен быць чалавек, каб атрымаць “жывую музычную паштоўку?”

На яго адказвае загадчыца сектара Ганна Харлінская:

– З “важкімі” юбілейнымі датамі мы віншуем доўгажыхароў нашага раёна, сямейныя пары, якія адзначаюць “круглыя даты” сумеснага жыцця, з задавальненнем выедзем і да больш маладых землякоў, каб павіншаваць іх з юбілейным днём нараджэння. Вітаючыся з “адрасатам”, нярэдка кажам: “Добрым людзям – добры дзень”. Адказ на пытанне “хаваецца” менавіта ў гэтай фразе. Для нас галоўнае, каб чалавек быў з адкрытай душой, каб яго ў вёсцы ведалі і паважалі. Менавіта такім людзям мы дорым святочны настрой, расказваем пра іх сем’і, жыццёвы і працоўны шлях, каб захоўваліся і папулярызаваліся лепшыя традыцыі глыбінкі, а маладому пакаленню было на каго раўняцца.

На гэты раз “музычную паштоўку” атрымала мудрая жанчына, старанная працаўніца Лідзія Груша з вёскі Сцяткоўшчына, якая сёлета сустрэла сваю 80 вясну. Каб выказаць самыя цёплыя пажаданні юбілярцы, да артыстак сектара далучыліся сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча і загадчык Жукоўшчынскага дома культуры Іван Кашко. Не падвяло і надвор’е – дзень выдаўся сонечным, як пад заказ, таму гасцей Лідзія Фёдараўна сустракала на парозе сваёй хаты. Віншавальныя вершы, шчырыя ўсмешкі, цёплыя пажаданні здароўя, даўгалецця, міру і дабра гучалі ў гэты дзень толькі для яе. За песенным вітаннем Ядвіга Гушча ўручыла імянінніцы падарунак і кветкі ад раённага савета ветэранаў, прачытала віншавальную паштоўку, у якой аб’яднанне зычыла юбілярцы дабрабыту, светлых дзён і яшчэ многа новых вёснаў.

Сваім гасцям Лідзія Груша расказала, што яе жыццёвы шлях да 80-а дня нараджэння праходзіў дзень за днём у шчырай працы. Нарадзілася яна ў вёсцы Белякі ў шматдзетнай сям’і. У 1959 годзе скончыла 10 класаў і адразу пайшла працаваць у былы калгас “Новае жыццё” ў Сачыўляны, была загадчыцай склада, улікоўцам. У 1963 годзе перайшла на работу ў спажыўтаварыства, працавала прадаўцом у магазінах вёсак Белякі, Яхноўшчына, Раготна, але найдаўжэй, да самага выхаду на пенсію, – у Сцяткоўшчыне, куды выйшла замуж. Будучы яе муж Іван быў трактарыстам, працаваў на калгасных палетках, разам з ім пражылі шмат гадоў, выгадавалі дзвюх дачок і сына, некалькі гадоў таму роднага чалавека не стала, аднак бабулю радуюць чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў, часта прыязджаюць у родную хату дзеці. У сям’і ёсць цудоўная традыцыя – збірацца на Каляды і Вялікдзень за адным сталом. Для сваіх дарагіх і любімых Лідзія Фёдараўна стараецца падрыхтаваць дамашнія пачастункі: духмяныя пірагі, фарбаваныя яйкі, разнасолы, іншыя традыцыйныя святочныя беларускія стравы. Яшчэ некалькі гадоў таму, пакуль быў жывы гаспадар, сям’я трымала карову, таму на стале заўсёды былі свае малако, тварог, смятана і масла.

Лідзія Груша – руплівая працаўніца, нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак яна шмат завіхалася па гаспадарцы.

– Лічу, што мой сакрэт даўгалецця – гэта пастаянны рух і надзённыя справы, – разважае імянінніца. – Быў час, калі трымалі дзве каровы, свіней, хатнюю птушку, а таму садзілі па 40-60 сотак бульбы, бралі для апрацоўкі ў калгасе дзялкі кармавых буракоў. Зімою, калі работы ў полі спыняліся, бралася за рукадзелле: вышывала ручнікі, ткала пакрывалы, або, як прывыклі іх называць у беларускіх вёсках, радзюжкі. І сёння ў мяне захоўваецца ткацкі станок, якому не менш за сотню гадоў, бо ім карысталася яшчэ прабабуля па матчынай лініі. Набіраць узоры я навучылася дзяўчынкай, калі назірала за старэйшымі майстрыхамі, бо раней вясковыя жанчыны ткалі кожную зіму. А вось якасна прасці, каб ільняныя ніткі былі тоненькімі, не зусім умею – у гэтым мне звычайна дапамагала матуля Вольга Гушча. За жыццё я наткала шмат пакрывалаў і дзецям, і сабе, мае работы нават трапілі на выставу ў Мінскі музей мастацтва, адна з іх заняла прызавое месца, а некаторыя і сёння ўпрыгожваюць пакоі майго дома.

Работнікі культуры зацікавіліся ведамі і ўменнямі Лідзіі Фёдараўны, папрасілі яе ў далейшым прыняць экспедыцыю, якую сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ў Год гістарычнай памяці арганізоўвае ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, у якім адкрыты новы кірунак дзейнасці “Роднае-народнае” па вывучэнні беларускіх рамёстваў, абрадаў, павер’яў, фальклору, традыцый, промыслаў. Яго задача – расказваць аб земляках з аддаленых вёсак: майстрах-самародках, захавальніках народных традыцый.

Лідзія Груша дала сваю згоду на новую сустрэчу, а на развітанне юбілярка мудрага ўзросту пажадала моладзі раёна моцнага здароўя, міру, дабрабыту і каб не забывалі, не абыходзілі ўвагай пажылых людзей.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: