Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 14 па 20 сакавіка 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 94 паведамленні, 5 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 35 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 54 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 35 правапарушальнікаў, узбуджана 2 крымінальныя справы.

Госць, якому лепш не адчыняць

П’яны жыхар адной з вёсак раёна знаходзіўся ў гасцях у пажылой зямлячкі, 1939 года нараджэння. У нейкі момант мужчына вырашыў палепшыць за кошт гаспадыні сваё матэрыяльнае становішча. Праўда, бабуля не згаджалася даваць грошы госцю добраахвотна, тады ён праявіў агрэсію і нанёс пажылой жанчыне не менш за 30 удараў па твары. Узбуджана крымінальная справа.

Зіма для дачніка – у мінус

На жаль, дачы і нежылыя дамы, якія дастаюцца грамадзянам у спадчыну, у зімовы сезон, пакуль гаспадары адсутнічаюць, нярэдка прывабліваюць злодзеяў. Зламыснікі “цягнуць” з сабой усё, што “дрэнна ляжала”, часам іх не спыняюць і надзейныя замкі.

Чарговы такі крадзеж адбыўся ў адной з вёсак раёна: з кастрычніка гаспадар не наведваўся на дачу, а ў сакавіку недалічыўся 50 метраў меднага дроту коштам 100 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Пакажыце дакумент

На ўчастку дарогі Дзятлава – Навагрудак дзяржаўтаінспектары спынілі аўтамабіль “Опель”, якім кіраваў пенсіянер. Пры аглядзе ў машыне знайшлі 200 кілаграмаў лому чорных металаў. Суправаджальных дакументаў на такі груз у вадзіцеля не аказалася. Праводзіцца праверка.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: