У рамках усебеларускай моладзевай акцыі “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” у Дзень Канстытуцыі пашпарты атрымалі 27 юных жыхароў Дзятлаўшчыны, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту.
Урачыстае мерапрыемства прайшло ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці з удзелам прадстаўнікоў улады, грамадскіх арганізацый, супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, навучэнцаў, дзятлаўчан. Сёлетняе свята было адметнае яшчэ і тым, што менавіта ў гэты дзень уступіў у сілу абноўлены Асноўны Закон нашай дзяржавы, за які беларусы прагаласавалі на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года.
Удзельнікаў свята павітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:
– Канстытуцыя ва ўсе часы была ўвасабленнем развітой дзяржаўнасці, грамадзянскасці, дэмакратычных правоў і свабодаў чалавека. Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь адлюстроўвае ўвесь вопыт і дасягненні Беларусі, назапашаныя за многія стагоддзі гісторыі, вызначае стратэгію далейшага развіцця краіны. Наша рэспубліка ўпэўнена прайшла праз няпростыя выпрабаванні, захаваўшы сваю цэласнасць. Канстытуцыя была і застаецца гарантам далейшага развіцця і паступальнага руху да дабрабыту. У нашы дні, абапіраючыся на ранейшы вопыт, мы завяршаем важную работу па размежаванні паўнамоцтваў улады. Сутнасць улады любога ўзроўню – працаваць для народа. Наша задача – дабівацца, каб прынцыпы дэмакратыі і справядлівасці сталі нормай жыцця, каб кожны грамадзянін Беларусі, кожная сям’я адчувалі надзейную абарону закона. Упэўнены, што сумесныя намаганні дазволяць гэта рэалізаваць.
Пашпарты, памятныя падарункі ад раённага савета ветэранаў і падарачныя выданні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” ад РК ГА «БРСМ» маладым дзятлаўчанам уручалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Вольга Ламака.
Юныя грамадзяне далі ўрачыстае абяцанне апраўдаць ускладзены на іх давер, вучыцца і працаваць на карысць роднай краіны. Ад імя равеснікаў на сцэне слова трымала навучэнка сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Валерыя Шалесная.
Музычныя нумары і святочны настрой удзельнікам свята дарылі работнікі культуры і маладыя таленты Дзятлаўшчыны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga