Каб не праязджалі міма

Важнае Грамадства

У вёсцы Руда Яварская прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні памятнага месца па шляху руху будучага веласіпеднага маршруту.

У ім прыняла ўдзел ініцыятыўная група, у састаў якой увайшлі каля 20 супрацоўнікаў аддзела адукацыі. Працоўная брыгада разбірала будынак былой школы.

Аб мэтах работы расказаў кіраўнік групы, загадчык сектара спорту і турызму Дзмітрый Ёда:

– Задача на сённяшні суботнік – зняць дах з нядзеючага аб’екта. У іншы раз плануем разабраць сцены. Для поўнага зносу будынка ў заключных работах будзе задзейнічана спецыяльная тэхніка. Усё гэта робіцца для добраўпарадкавання памятнага месца, дзе пахаваны жыхары аднаго з хутароў, які размяшчаўся недалёка ад вёскі Руда Яварская, расстраляныя нямецкімі акупантамі за сувязь з партызанамі. Варта адзначыць, што дадзены помнік размешчаны па шляху руху веласіпеднага маршруту “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, адкрыццё якога адбудзецца ўжо ў маі. Яго працягласць складзе 14 кіламетраў. Велатурысты змогуць пазнаёміцца з шэрагам цікавых памятных месцаў і гістарычных аб’ектаў Дзятлаўскага раёна. А дапаможа ім у гэтым – даступная і зразумелая турыстычная навігацыя. Ключавым месцам веласіпеднага маршруту стане партызанскі шпіталь, які дыслацыраваўся ў Ліпічанскай пушчы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Для яго добраўпарадкавання і адбудоўвання зямлянак таксама будуць выкарыстоўвацца і неабходныя матэрыялы, якія застануцца пасля работ па зносе былой Рудаяварскай школы. Пачатак пакладзены, будзе яшчэ не адна ініцыятыўная група і не адзін суботнік!

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga