Пачатак пасяўной кампаніі, прафілактыка ўзгаранняў расліннасці, навядзенне парадку і планы па суботніках, адпачынак дзяцей – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама.
Каб тэхніка не прастойвала ні аднаго дня
– Мы ўвайшлі ў фазу масавага севу. Думаю, у дзесяцідзённы тэрмін раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры пасеем, – звярнуўся старшыня райвыканкама да свайго першага намесніка – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі. – Гэта працэс, які ўжо ідзе, а трэба планаваць будучыню, таму гаспадаркам ужо трэба займацца рамонтам і падрыхтоўкай корманарыхтоўчай тэхнікі.
Таксама Андрэй Садоўскі паставіў на кантроль выкананне гаспадаркамі раёна планаў па ўнясенні ўгнаенняў, бо, як вядома, будучы ўраджай залежыць не толькі ад таго, што пасееш і як, а і ў многім ад унесеных у глебу ўгнаенняў, захавання тэхналогіі.
Яшчэ адна важная задача – вясновае закрыццё вільгаці на палях. Гэты аграпрыём, які прадстаўляе сабой баранаванне або неглыбокую культывацыю, асабліва актуальны сёлета на Дзятлаўшчыне – як сведчыць статыстыка, у ветраны вясновы дзень з глебы за суткі выпараецца да 50 тон вады з аднаго гектара. Недабор вільгаці вясной прыводзіць да падзення ўраджаю на 15-20 %.
Ратаўнікі б’юць трывогу
Насцярожвае сітуацыя з паламі травы. За мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне зафіксавана 12 фактаў узгарання сухой расліннасці.
Узгадалі на нарадзе, як у суботу ў вёсцы Руда Ліпічанская Мастоўскага раёна з-за спальвання пажылой жанчынай смецця адбылося ўзгаранне, у выніку якога агонь поўнасцю знішчыў 2 жылыя дамы, 3 нежылыя, 17 гаспадарчых пабудоваў.
Для прадухілення падпалаў сухой расліннасці супрацоўнікамі РАНС праводзяцца і будуць надалей праводзіцца прафілактычныя рэйды па кожнай вёсцы кожнага сельсавета раёна. Дарэчы, штраф за падпал сухой расліннасці – ад 10 да 30 базавых велічыняў.
Скрасці будзе няпроста
Старшыня райвыканкама ўзняў пытанне захавання матэрыяльна-тэхнічных сродкаў і каштоўнасцяў у час пасяўной кампаніі, у прыватнасці, паліва, мінеральных угнаенняў і іншага.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль далажыў, што ўжо ўзгоднены графікі правядзення кантрольных рэйдаў участковымі інспектарамі, іншымі службамі аддзела па сельскагаспадарчых прадпрыемствах, участках, на якіх вядуцца вясновыя палявыя работы.
Іншыя тэмы коратка
У красавіку шчучынскія будаўнікі пачнуць рамонт лазнева-аздараўленчага комплексу ў Дзятлаве. Рамонт падзелены, згодна з праектнай дакументацыяй, на дзве часткі: спачатку будзе ажыццяўляцца рамонт лазні, пасля ў другі этап – басейна.
****
У час вясновых школьных канікулаў ва ўсіх установах адукацыі раёна арганізаваны школьныя лагеры. Аздараўліваюцца 250 дзяцей.
****
Сёння, 28 сакавіка, на Дзятлаўшчыне стартаваў месячнік па навядзенні парадку на зямлі. У бліжэйшы час будзе вызначана дата правядзення раённага суботніка і аб’екты, на будаўніцтва або рамонт якіх будуць выдаткаваны сродкі, заробленыя ў час яго.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga