На Дзятлаўшчыне падведзены вынікі і ўзнагароджаны пераможцы раённага этапу рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Нам мір завешчана берагчы” да 77-й гадавіны Вялікай Перамогі, які праходзіць з ініцыятывы Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Конкурс скіраваны на захаванне і ўвекавечанне памяці, гераізму і мужнасці савецкіх воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, удзел у ім прымаюць тры ўзроставыя катэгорыі навучэнцаў. Дзецям прапанавана падрыхтаваць малюнкі на тэмы: “Яны змагаліся за Радзіму”, “Дарагія мае ветэраны”, “Свята Перамогі вачамі дзяцей”, “Мая сям’я і Вялікая Перамога”.
Чатыры з шасці работ-пераможцаў раённага этапу былі намаляваны навучэнцамі Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, менавіта тут у Дзень памяці Хатынскай трагедыі адбылася сустрэча з сакратаром раённага савета ветэранаў Ядвігай Гушча і ўзнагароджанне аўтараў.
– Вы – маладое пакаленне, на якое ўскладаецца абавязак захаваць мір, здабыты для нас дзядамі і прадзедамі, каб пад ясным, мірным небам шчасліва жылі нашы ўнукі і праўнукі, – зазначыла Ядвіга Міхайлаўна, уручаючы дыпломы і падарункі.
Іх атрымалі навучэнцы ўстановы Ганна Удот, Дар’я Зінкевіч, Валерыя Нічыпаровіч, Глафіра Осіпава. Такія ж узнагароды раённы савет ветэранаў перадаў навучэнцам-пераможцам Яўгенію Ярмоленку і Ангеліне Юргель у Новаяльнянскую дзіцячую школу мастацтваў.
Настаўніца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня расказала аб падрыхтоўцы да конкурсу:
– Тэхніку малюнка выбіралі самі дзеці, як і ідэі будучых работ. Высокім балам ацэнена работа-кантраст Ганны Удот, дзе побач адлюстраваны мір і вайна. Спадабаўся раённаму журы малюнак Глафіры Осіпавай, на якім ветэран у сваіх далонях трымае зямны шар. Буслінае гняздо на фоне мірнага ранішняга неба – работа Дар’і Зінкевіч, а Валерыя Нічыпаровіч намалявала матулю з сынам пад мірным небам Беларусі і поле з россыпам васількоў і рамонкаў.
Цяпер усе шэсць работ юных мастакоў нашага раёна накіраваны на абласны этап конкурсу, вынікі якога будуць падведзены ў пачатку красавіка.
Гэта былі не ўсе сюрпрызы, якія чакалі навучэнцаў Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў у гэты дзень. Ядвіга Гушча ўручыла дзецям яшчэ і салодкі прыз за плённае супрацоўніцтва і падрыхтоўку выставы да 35-годдзя раённага савета ветэранаў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga