“Чэмпіёну” – старт!

Свежыя навіны Спорт і турызм

На Дзятлаўшчыне стартаваў праект па футболе “Чэмпіён”.

У ім прымаюць удзел навучэнцы розных школ раёна, хлопцы і дзяўчаты 2008-2013 гадоў нараджэння. Арганізатарамі праекта выступілі аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, раённыя дзіцяча-юнацкая спартыўная школа і фізкультурна-спартыўны клуб, Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”.

“Чэмпіён” уключае ў сябе тры этапы: першы – правядзенне тэставых практыкаванняў з элементамі валодання мячом і турнір па футболе, другі – фестываль “Адзін пераможца”, трэці – масавыя раённыя спаборніцтвы па міні-футболе. На кожным з іх юныя спартсмены набіраюць балы, па суме якіх і вызначыцца пераможца праекта, у тым ліку і чэмпіён у кожнай узроставай групе.

Дванаццаць лепшых футбалістаў ад кожнай школы будуць запрошаны на фінальны этап спаборніцтваў, якія адбудуцца 20 мая ў Дзятлаве. Так, ужо прадэманстравалі свае навыкі валодання мячом і паўдзельнічалі ў турніры па футболе навучэнцы ўстановаў адукацыі з Жукоўшчыны, Гезгалаў, Раклевічаў і Наваельні.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Фота Уладзіміра ГАНЧАРА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga