Больш класных гадзін – на вывучэнне гісторыі

Важнае Грамадства

Прайшло пасяджэнне Савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, дзе падвялі вынікі работы структуры за мінулы год і акрэслілі напрамкі работы на 2022.

Як адзначыла начальнік аддзела Вольга Рагачова, ідэалагічны актыў Дзятлаўшчыны добра спрацаваў адразу па некалькіх ключавых напрамках, выконваючы надзённыя задачы: стварэнне і захаванне спрыяльнага грамадска-палітычнага мікраклімату ў раёне, інфармаванне насельніцтва аб асноўных канцэпцыях дзяржаўнай палітыкі, дзейнасці мясцовых органаў улады, аб дасягненнях у сацыяльна-эканамічным развіцці Дзятлаўшчыны, ідэалагічнае і інфармацыйнае забеспячэнне правядзення Усебеларускага народнага сходу, Года народнага адзінства, 80-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, падрыхтоўкі да правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных святаў, памятных дат.

– Задачы, пастаўленыя намі, выкананы. Разам з тым тэндэнцыі развіцця беларускага грамадства і дзяржавы патрабуюць эфектыўнасці ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах, моладзевым асяроддзі, развіцця і прымянення інавацыйных тэхналогій у медыясферы.

У раёне часткова выконваюцца патрабаванні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага 2004 года № 111 “Аб удасканаленні кадравага забеспячэння ідэалагічнай работы ў Рэспубліцы Беларусь”, згодна з якім непасрэдная арганізацыя ідэалагічнай работы ў калектывах павінна ўскладвацца на аднаго з намеснікаў кіраўніка арганізацыі, фактычна арганізацыя ідэалагічнай работы ў дадзеных суб’ектах гаспадарання ўскладзена на вядучых або галоўных спецыялістаў па ідэалагічнай рабоце.

У цэнтры ўвагі ідэолагаў – работа з дзятлаўчанамі і вывучэнне іх запытаў. Так, у раёне пастаянна праводзіліся сацыяльныя апытанні, сустрэчы ў працоўных калектывах (у тым ліку Адзіныя дні інфармавання), дыялогавыя пляцоўкі, на якіх абмяркоўваліся важныя падзеі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, — расказала яна.

Вольга Мікалаеўна зазначыла, што вялікі ўклад у ідэалагічную работу ў раёне ўнеслі старшыні сельскіх выканкамаў і прадстаўнікі духавенства, якія актыўна працуюць з рознымі ўзроставымі і сацыяльнымі катэгорыямі насельніцтва, выхоўваючы духоўныя каштоўнасці і патрыятызм.

Начальнік аддзела заўважыла, што ў час імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій трэба ім адпавядаць. А значыць, кожная арганізацыя павінна мець свой “жывы” сайт, заняць нішу ў сацыяльных сетках. Разам з тым, прадаўжаецца актыўная і ўважлівая работа са зваротамі грамадзян. Задача на перспектыву – не толькі своечасова рэагаваць на іх, але і працаваць на апярэджанне, вывучаючы настрой і запыты землякоў, іх праблемы.

Год гістарычнай памяці на Дзятлаўшчыне павінен прайсці пры вялікай актыўнасці кожнага з працоўных і навучальных калектываў раёна, набываючы разнастайныя формы.

З ходам выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў нашым раёне азнаёміў прысутных галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксей Якаўчык.

Сярод актуальных пытанняў, якія патрабуюць уважлівага вырашэння, ён вылучыў замацаванне маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах. Пры гэтым, Аляксей Уладзіміравіч адзначыў высокую грамадзянскую актыўнасць моладзі раёна.

Са станоўчым прыкладам арганізацыі ідэалагічнай работы ў межах аднаго працоўнага калектыву прысутных азнаёміла спецыяліст ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка. Яна расказала, што галоўная мэта ідэалагічнай работы – згуртаванне калектыву і падтрыманне спрыяльнай абстаноўкі ўнутры яго.

– Прафсаюз з’яўляецца тым звяном, якое звязвае кіраўніцтва арганізацыі і яе работнікаў, у тым ліку ў правядзенні ідэалагічнай работы, – адзначыў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі.

З арганізацыяй інфармацыйна-прафілактычнай работы на тэрыторыі Дварэцкага сельвыканкама ўдзельнікаў нарады пазнаёміў яго старшыня Канстанцін Вінцукевіч.

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч падвёў вынікі сустрэчы. Ён акцэнтаваў увагу на работу ў працоўных калектывах і патрыятычнае выхаванне моладзі.

– Слушна, што ў Год гістарычнай памяці ў навучальных установах нашай краіны будзе больш класных гадзін, прысвечаных вывучэнню гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, каб дзеці ведалі і паважалі подзвіг сваіх прадзедаў, – адзначыў ён.

Ігар Кухарэвіч і Вольга Рагачова ўручылі ўзнагароды ідэалагічнаму актыву Дзятлаўшчыны. За актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна, высокі прафесіяналізм і эфектыўную ідэалагічную работу граматамі аддзела былі адзначаны Алена Гарановіч, Марына Лашкоўская, Міхаіл Губар, Станіслаў Мазур, Ганна Федаровіч. За актыўную жыццёвую пазіцыю, садзейнічанне і дапамогу ў справе захавання гістарычнай памяці і ўшанавання памяці загінулых пры абароне Айчыны аналагічнай узнагароды былі ўдастоены Вадзім Бялятка, ксёндз Здзіслаў Пікула і іерэй Іаан Кісель. Дыплом лаўрэата другой ступені абласнога конкурсу на лепшы савет грамадскага пункта аховы правапарадку атрымаў Дварэцкі сельвыканкам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga