Залаты фонд жылкамунгаса – яго работнікі

Галоўнае Грамадства

У апошнюю нядзелю сакавіка адзначаюць прафесійнае свята тыя, хто прыносіць у наша жыццё ўтульнасць і парадак.
Дзятлаўскае РУП ЖКГ – гэта не толькі адміністрацыя і падраздзяленні ў горадзе Дзятлаве, а вялікая гаспадарка, якая ўключае ў сябе тры вытворчыя ўчасткі, на кожным – свой «гаспадар» і калектыў, а разам яны – зладжаная каманда камунальнай службы раёна.

Сапраўднай гаспадыняй у гарадку называюць калегі начальніцу Гезгалаўскага вытворчага ўчастка Жанну Марачынскую. Яна паспяхова кіруе адным з самых мужчынскіх калектываў: тут працуюць толькі тры прадстаўніцы прыгожага полу. Як адзначае Жанна Віктараўна, такім дысцыплінаваным і працавітым калектывам кіраваць не складана: усе пераважна работнікі вопытныя, ведаюць сваю справу без падказкі. Работа наладжана, як механізм гадзінніка, усё ідзе ў свой час.

– За мінулы год спрацавалі практычна без аварыйных сітуацый, – адзначае начальнік участка. – А калі і былі некаторыя складанасці, вырашылі хутка, нашы спажыўцы нават не заўважылі гэтага. У арганізацыі васьмігадзінны рабочы дзень, але, калі трэба затрымацца на рабоце ці папрацаваць у выхадныя дні, ніхто ніколі не адмаўляецца, за гэта я вельмі ўдзячная нашым людзям. Шчыра віншую ўсіх з прафесійным святам!

Да віншаванняў далучыліся работнікі Гезгалаўскага ўчастка.

Уладзімір Канановіч, слесар аварыйна-аднаўляльных работ з 13-гадовым стажам, былы вайсковец:

– Жадаю калегам, каб работа была ў радасць, а наш родны куточак квітнеў дзякуючы клопату камунальнай службы.

Віталь Сямешка, слесар па рамонце і абслугоўванні абсталявання каналізацыйна-помпавай станцыі, мае 10 гадоў стажу:

– Для калектыву галоўнае – узаемаразуменне з кіраўніцтвам і спажыўцамі, своечасовая дастойная заработная плата. Усё гэта нас задавальняе. Ёсць работа, дзякуючы якой мы кормім і забяспечваем сям’ю, што вельмі важна ў сённяшні час. З нагоды свята калегам па рабоце жадаю моцнага здароўя, астатняе – дадасца.

Ірына Кулеш, апаратчыца хімводаачысткі на кацельні, працоўны стаж — 30 гадоў:

– Працаваць тут прыемна, калектыў добры, кіраўніцтва спагадлівае. У штодзённай працы мне падабаецца многае, асабліва чысціня і парадак, узаемаразуменне і павага з калегамі. Ад усёй душы жадаю камунальнікам Гезгалаў і ўсяго раёна добрых падзей у жыцці, шчасця і моцнага здароўя.

З цяплом і вадой

Як расказвае начальнік Казлоўшчынскага ўчастка Віктар Гародка, цяпер тут актыўна вядуцца работы па рамонце катлоў. Яшчэ не закончыўся гэты ацяпляльны сезон, а камунальнікі клапоцяцца пра наступны, мадэрнізуючы кацельню на мясцовых відах паліва. Віктар Віктаравіч адзначае, што ў камунальнай справе трэба не спаць у шапку, а пачынаць прафілактыку лепш загадзя:


– Мяняем трубы, якім надышоў тэрмін, рамантуем паціху, тым больш што камплектуючыя ўсе набылі.

Дбайны гаспадар ведае, якія работы калі выконваць, таму атрымліваецца працаваць без аўралаў і нечаканасцяў. За апошнія гады па лініі жылкамунгаса было нямала зроблена ў пасёлку Казлоўшчына, застаецца падтрымліваць усё ў належным стане.

Добрай навіной для жыхароў вёскі Дзянісава стане тое, што на баланс гаспадаркі перадалі артэзіянскую свідравіну, якая будзе ўпарадкавана і ўключана ў сістэму водазабеспячэння: дакументацыя для гэтага рыхтуецца ўжо сёлета.

 

Актывістка, спартсменка і проста прыгажуня

А яшчэ, як кажуць у Дзятлаўскім РУП ЖКГ, у Тамары Ярош самы смачны чай з зёлкамі ва ўсім раёне.

Жанчына 25 гадоў працуе апаратчыкам водаачысткі ў Казлоўшчынскім участку жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яна прыехала да нас з Карэліччыны, стварыла сям’ю, уладкавалася ў камунальную службу, дзе дагэтуль прыносіць людзям карысць і радасць.

– Усё добра, няма на што скардзіцца, – расказвае Тамара Уладзіміраўна пра справы надзённыя. – Як да справы сваёй адносішся, так табе і адгукаецца.

Добры спецыяліст і спагадлівы чалавек, Тамара Ярош заўжды прыходзіць на работу з добрым настроем. Акрамя сваіх непасрэдных функцый, дапамагае кіраўніцтву з папяровай работай, за што камунальнікі яе ласкава “ахрысцілі” міні-бухгалтарам.

Нягледзячы на салідны працоўны стаж за плячыма, яна не губляе жыццёвай энергіі і аптымізму, вядзе здаровы лад жыцця, займаецца скандынаўскай хадой, ездзіць на веласіпедзе, дапамагае ў выхаванні ўнукаў.

Жанчына ўмее радавацца таму, што мае ў жыцці, ёсць у яе свае праекты, якія спадзяецца рэалізаваць у Казлоўшчыне, якая ўжо стала роднай за гэтыя гады. Адна з задумак – стварыць экалагічную сцяжыну побач з пасёлкам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga