Усё пачалося ў Цяцейках

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Іх лёсы звязала педагогіка, каб затым правесці па адной педагагічнай і жыццёвай сцяжыне.

Сямейны ачаг Баравікоў, якія нядаўна сустрэлі свае асабістыя 70-гадовыя юбілеі, дагэтуль сагравае родных і блізкіх людзей.

Расціслаў Баравік – наш зямляк, нарадзіўся ў вёсцы Бакшты Дварэцкага сельскага савета. З дзяцінства перад вачыма меў прыклад старэйшых сёстраў-настаўніц і ўжо тады бачыў сябе ў прафесіі педагога. Яшчэ ў час навучання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы выкладаў фізічную культуру, а скончыў навучальную ўстанову дыпламаваным настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства. Першым месцам працы маладога педагога стала Цяцейкаўская васьмігадовая школа, якая дала яму не толькі добры старт у прафесію, але і лёсавызначальную сустрэчу.

– Я слонімская, – кажа Лілія Баравік, дапаўняючы гісторыю мужа сваім жыццёвым аповедам. – У Цяцейкі прыехала па размеркаванні і нечакана сустрэла шчасце.

З самага дзяцінства жыццё не песціла Лілію Уладзіміраўну, старэйшую дачку ў сям’і. Калі яна з’явілася на свет, тата быў у войску, убачыў дачушку толькі ў трохгадовым узросце. Спачатку сям’я жыла на хутары, таму дзяўчынкай яна не мела знаёмых свайго ўзросту. Праз некаторы час пераехалі ў вясковую хату, выкупленую ў паляка, пачалі будаўніцтва ўласнага жылля. Тут у бацькоў нарадзіліся яшчэ тры сыны. Цэлымі днямі мама і тата былі на працы або на будоўлі новага дома, а Лілія Уладзіміраўна даглядала малодшых брацікаў і вучыла ўрокі.

– Прыходзяць бацькі з працы, а я сяджу, вучу верш: адно малое на адным калене, другое – на другім.

Каб атрымаць сярэднюю адукацыю, давялося падарожнічаць. У першы клас Лілія Баравік ішла ў Зэльвенскім раёне, дзе жыла ў цёткі (на радзіме школа была вельмі далёка), затым вучылася дома ў базавай школе. Выпускныя класы заканчвала таксама на зэльвенскай зямлі, дзе настаўнікі заклалі любоў да сваіх прадметаў, паўплывалі на выбар педагагічнай прафесіі.

Адразу шэсць чалавек з іх класа паспяхова паступілі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на матэматыку, у тым ліку і яна. Студэнцкія гады для Ліліі Баравік звязаны з самымі цёплымі ўспамінамі, сяброўствам, агітбрыгадамі, якімі актыўна ездзілі выступаць. Па размеркаванні выпускніца ВНУ патрапіла на Дзятлаўшчыну, ехала сюды летам, да пачатку навучальнага года, яшчэ не ведаючы, што чакае яе ў Дзятлаўскім раёне. Маладога спецыяліста сустрэў сам дырэктар на матацыкле і павёз у Цяцейкі. Для Ліліі Уладзіміраўны правялі экскурсію па будучым месцы работы, тут яна і сустрэлася з будучым мужам:

– Ён як убачыў нас са знаёмай у калідоры школы (тады я была худзенькая, невялічкая, зусім не падобная да настаўніцы), дык здзівіўся: што за дзеці тут ходзяць? – смяецца жанчына, узгадваючы першае знаёмства.

А праз год у сям’і Баравікоў нарадзілася старэйшая дачушка, і маладыя людзі сталі разам спасцігаць не толькі педагагічны вопыт, але і шчасце бацькоўства.

1 верасня 1977 года Расціслаў Баравік сустрэў на пасадзе дырэктара Мяляхавіцкай сярэдняй школы, якая праз год перайшла ў Белагурнаўскую, яе нязменным кіраўніком быў да выхаду на заслужаны адпачынак. Галоўным фактарам, які дапамог рашыцца на такі адказны крок, стала жыллё, што прадастаўлялі кіраўніку навучальнай установы. Побач з Расціславам Карлавічам заўжды была настаўніца матэматыкі, каханая жанчына і верны таварыш Лілія Уладзіміраўна. Дапамагалі адзін аднаму, падказвалі, стараліся не дапускаць спрэчак. Тут у сям’і нарадзіўся сын, зрабіўшы бацькоў яшчэ больш шчаслівымі.

– Мы прыйшлі ў новую школу ў Белагурна, дзе ўсё патрабавала гаспадарскай рукі, а ўтульнасць яе настаўнікі стваралі сваімі рукамі, – узгадвае тыя далёкія часы Расціслаў Карлавіч. – Афармлялі кожны вучэбны кабінет па тэматыцы, рабілі рэкрэацыі, стваралі музей гісторыі народнага побыту.

Калі заканчваліся школьныя заняткі, дружны калектыў Белагурнаўскай сярэдняй школы браўся за работу з натхненнем і энтузіязмам. І было для каго старацца! Па тым часе ў вясковай школе вучыліся каля 140 дзяцей. Настаўнікі ўзгадваюць сваіх вучняў як вельмі добрых, старанных і адказных, якія цягнуліся да вучобы і дасягалі ў ёй поспехаў на радасць педагогам. Нават праз гады ў кватэры Баравікоў раз-пораз гучыць тэлефонны званок: гэта вучні спяшаюцца пацікавіцца, як справы ў іх любімых настаўнікаў.

Белагурнаўская школа стала для сям’і Баравікоў справай жыцця. Тут яны разам прайшлі свой доўгі цікавы педагагічны шлях, перадалі вучням веды і вопыт. Пасля закрыцця навучальнай установы ў 2014 годзе Лілія Уладзіміраўна і Расціслаў Карлавіч пераехалі ў Дзятлава, тут і цяпер жывуць у сваёй кватэры. Але, як толькі пацяплее, душа просіцца ў роднае Белагурна, дзе чакаюць прырода, дача і агарод. А пакуль зіма трымае ў чатырох сценах, займаюцца гаспадаркай і захапленнямі па душы. Расціслаў Карлавіч вельмі любіць чытаць перыёдыку, дэтэктыўныя аповесці, разгадвае крыжаванкі, штодзень уважліва знаёміцца з навінамі па тэлебачанні, каб быць у курсе справаў у сваёй краіне. Лілія Уладзіміраўна займаецца рукадзеллем, са студэнцкіх гадоў не пакідае сваё захапленне спевамі, таму з вялікай радасцю наведвае хор “Ветэраны ў страі”, куды “зацягнула” яе сяброўка і суседка.

Лілія і Расціслаў Баравікі шчаслівыя сваёй сям’ёй. Разам яны раздзялілі педагагічны хлеб, захаваўшы ў сэрцы самыя цёплыя ўспаміны аб прафесіі, сёння радуюцца таму, што дзеці побач, на Дзятлаўшчыне, падрастаюць унукі, добрыя, кемлівыя і таленавітыя.

– Унучка наша – доктар, – з гонарам кажа Лілія Уладзіміраўна. – Калі парады якія трэба па здароўі, тэлефануем ёй.

З невялікім шкадаваннем суразмоўцы кажуць, што звычайна шумны бацькоўскі дом цяпер не так часта бачыць гасцей: тут таксама паўплывала пандэмія. Па гэтай самай прычыне ўстрымаліся ад святкавання ўрачыстасці. Але Баравікі не засмучаюцца: чарговы юбілей свайго сямейнага жыцця, які не за гарамі, яны спадзяюцца сустрэць разам з любімай сям’ёй і добрымі знаёмымі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: