Упэўнена крочыць па сваім шляху – выбар беларусаў

Галоўнае Улада

17 лютага на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама пад кіраўніцтвам яго намесніка Андрэя Жыдко сустрэлася з калектывам Дзятлаўскага раёна электрасетак, абласная група на чале са старшынёй КДК Гродзенскай вобласці Анатолем Дарожкам, у складзе са старшынёй абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзіславам Галяком і намеснікам дырэктара Гродзенскага філіяла РУП “Белтэлекам” Сяргеем Гузенем пабывала ў Новаяльнянскай сярэдняй школе.

Абмеркавалі наступныя пытанні: “Ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь”, “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2021 год”, “Аб нормах і патрабаваннях заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, выбарах і правядзенні рэферэндуму, адказнасці за іх парушэнне”, “Прафілактыка пажараў і папярэджанне гібелі на іх у жылым сектары”.

Было адзначана, што ў сваім штогадовым Пасланні беларускаму народу Прэзідэнт абазначыў 3 галоўныя пытанні: ці гатовы беларусы плаціць за ўласную абарону і дзяржаву? За суверэнітэт і незалежнасць? Быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе? Пры гэтым лідар краіны падкрэсліў, што незалежнасць – гэта ўмова для захавання нацыі, магчымасць вызначаць сваю будучыню, і такое права мы нікому аддаць не павінны, аднак каштуе яно дорага. Акцэнты былі зроблены на абстаноўцы ў свеце і вакол Беларусі; новай Канстытуцыі і палітычнай будучыні краіны; сацыяльнай палітыцы нашай дзяржавы; эканоміцы – кірунках і перспектывах; аграпрамысловым комплексе; знешнеэканамічнай дзейнасці. Абсалютнай каштоўнасцю для беларусаў Аляксандр Лукашэнка назваў мір, для захавання якога мы павінны прыкласці каласальныя намаганні: зберагчы адзінства грамадства і дзяржавы, вывесці на якасна новы ўзровень сістэму нацыянальнай бяспекі, больш актыўна ўзаемадзейнічаць з Расіяй і іншымі саюзнікамі. Адзначылі на дні інфармавання, што Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на рэспубліканскім рэферэндуме і абноўленай Канстытуцыі, якая заклікана стаць вяршыняй прававых змяненняў у Беларусі, раскрыць рэзервы для росту ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, пабудаваць будучыню нашу і дзяцей. Вядучымі прынцыпамі сацыяльнай палітыкі краіны былі названы справядлівасць, адказнасць, клопат.

Што тычыцца эканомікі, то поспех тут залежыць ад імпартазамяшчэння, прыцягнення інвестыцый, высокай якасці жыцця ў рэгіёнах, будаўніцтва жылля і дарог, развіцця ІТ-сферы і прыватнага бізнесу, і надалей у фокусе ўвагі застанецца аграпрамысловы комплекс, які забяспечвае не толькі харчовую бяспеку, але і асваенне тэрыторый краіны, захаванне самабытнай сельскай культуры, далучэнне моладзі да працы. У знешнеэканамічнай палітыцы галоўным партнёрам Беларусі застаецца Расія, з якой паступова рухаемся па шляху эканамічнай інтэграцыі, асабліва ў плане ўзаемадзеяння ў энергетыцы, таксама будзем умацоўваць палітычныя і эканамічныя сувязі з Кітаем і іншымі дзяржавамі Азіі, пастараемся ладзіць нармальныя добрасуседскія ўзаемавыгадныя адносіны з Захадам.

Пра тое, што мы рухаемся ў правільным кірунку, сведчыла выступленне па наступнай тэме. У 2021 годзе эканоміка Дзятлаўшчыны развівалася стабільна і прыбыткова: пабудаваны і адрамантаваны рад аб’ектаў, заасфальтавана вуліца Азёрная ў Дзятлаве, пабудавана станцыя абезжалезвання вады ў аграгарадку Раклевічы, завершаны праектныя работы для добраўпарадкавання ў 2022 годзе земляў агульнага карыстання і мадэрнізацыі і добраўпарадкавання дзвюх дваравых тэрыторый у гарпасёлку Наваельня, аптымізацыя сістэмы водазабеспячэння пасёлка ўжо праведзена. Летась па раёне атрыманы 31 мільён рублёў чыстага прыбытку (+160 %), на 1,9 % павялічылася рэнтабельнасць продажаў, 117 % да ўзроўню 2020 года склала сярэднямесячная заработная плата, уведзена 5582 м. кв.  жылля, па выніках знешнеэканамічнай дзейнасці атрымана 10,4 мільёна долараў ЗША, на праектную магутнасць выйшлі два санаторыя, экспарт іх паслуг – 5,6 мільёна долараў ЗША.

Знаёмячы прысутных з работай эканомікі Гродзенскай вобласці, Анатоль Дарожка зазначыў:

– Прынятыя кіраўніком дзяржавы ва ўмовах пандэміі падыходы без закрыцця краіны і лакдаўнаў былі правільнымі: беларуская эканоміка працавала паспяхова, наша краіна ўтрымлівала свае рынкі збыту, за якія цяпер ідзе актыўная барацьба, у тым ліку за кошт увядзення санкцый. Пра тое, што складаны ў плане эпідсітуацыі 2021 год быў паспяховым і для эканомікі Прынёмання сведчаць наступныя лічбы: аб’ём валавога рэгіянальнага прадукта склаў 17,9 мільярда рублёў, або 104,8 % да ўзроўню 2020 года, прадоўжана рэалізацыя буйных інвестыцыйных праектаў, уведзена ў эксплуатацыю 430, 9 тысячы м. кв. жылля.

Важнай падзеяй грамадскага жыцця беларусаў стане рэспубліканскі рэферэндум, да якога актыўна рыхтуецца наша краіна, таму ўзгадаць патрабаванні заканадаўства ў гэтай сферы было немалаважна. У рамках Адзінага дня інфармавання адзначана, што пры правядзенні рэферэндуму маюць права прысутнічаць назіральнікі, а таксама прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі ў парадку, устаноўленым Цэнтральнай камісіяй. Масавыя мерапрыемствы з агітацыяй па рэферэндуме праводзяцца адпаведна заканадаўству аб масавых мерапрыемствах з дазволу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншаземцы і асобы без грамадзянства не маюць права ўдзелу ў іх. Агітацыя ў дзень галасавання недапушчальна. Таксама было агучана, што галасаванне на рэферэндуме будзе ажыццяўляцца з 8 да 20 гадзін у асноўны дзень 27 лютага, дні датэрміновага галасавання – з 22 па 26 лютага. Узгадалі і меры адказнасці пры парушэнні заканадаўства ў час падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму.

На Дзятлаўшчыне з пачатку 2022 года адбылося 4 пажары, на двух з іх загінула 3 чалавекі, таму тэма прафілактыкі вогненных здарэнняў у жылым сектары прадаўжае заставацца актуальнай. Было падкрэслена, што галоўнай прычынай гібелі найчасцей становіцца “п’яная цыгарэта”, затым ідуць няспраўнасці праводкі і пячнога ацяплення. Каб пазбегнуць трагедый, грамадзяне павінны пільна сачыць за ўласнай бяспекай і ўмовамі жыцця пажылых родных, умець выкарыстоўваць пярвічныя сродкі пажаратушэння, не дапускаць свавольства дзяцей з агнём, памятаць тэлефоны ратаўнікоў 101 і 112, падтрымліваць у працаздольным стане аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga