Напрыканцы мінулага года ў Палацы Рэспублікі Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды выдатным людзям з усіх рэгіёнаў нашай краіны.
Сярод каля 80 узнагароджаных – чатыры прадстаўнікі Дзятлаўскага раёна: Віталій Шулейка, Станіслаў Мазур, Мікалай Слушко і Віктар Адамчык, адзначаныя медалямі “За працоўныя заслугі”.
На старонках газеты “Перамога” мы расказваем пра ўладальнікаў узнагарод, герояў новага часу, якія чарговы раз далі нагоду ганарыцца нашай Дзятлаўшчынай. Першы намеснік старшыні райвыканкама, а зусім нядаўна дырэктар ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Віталій Шулейка на рэспубліканскім мерапрыемстве трымаў слова ад усіх узнагароджаных работнікаў краіны:
– Вельмі прыемна атрымаць такую высокую ўзнагароду. Сёння за ўсімі намі стаяць калектывы, з якімі мы разам працуем на карысць роднай краіны. Для сябе я зразумеў адно: для таго, каб атрымлівалася тое, што ты намеціў, проста неабходна любіць сваю работу. Хачу сказаць “дзякуй” Прэзідэнту краіны за тое, што ствараюцца ўсе ўмовы для працы. Мы бачым тыя змены, якія адбываюцца ў нашай краіне ў лепшы бок.
Віталій Тадэвушавіч перакананы, што медаль “За працоўныя заслугі” належыць не толькі яму, а ўсяму калектыву адкрытага акцыянернага таварыства “Дзятлаўская сельгастэхніка”. Атрыманая ўзнагарода стала добрай нагодай наведаць роднае прадпрыемства, якое мае багатую гісторыю і цяпер не здае свае пазіцыі.
Сустрэча з былымі калегамі прынесла першаму намесніку старшыні райвыканкама не толькі станоўчыя эмоцыі і ўспаміны, але і вырашэнне надзённых справаў. Віталій Шулейка ўзгадаў часы, калі сам кіраваў прадпрыемствам. Як і многія вялікія справы, гэты перыяд яго працоўнай дзейнасці пачаўся са званка. Віталію Тадэвушавічу, на той час начальніку інспекцыі дзяржтэхнагляду, патэлефанаваў генеральны дырэктар холдынга “Гроднааблсельгастэхніка” з прапановай узначаліць раённую структуру. Параіўшыся з сям’ёй, мужчына пагадзіўся.
Маладому кіраўніку спачатку было нялёгка спраўляцца з новай для яго сферай дзейнасці, аднак падтрымка калектыву дапамагла. У Дзятлаўскай сельгастэхніцы і сёння працуюць людзі, дзякуючы якім Віталій Шулейка змог узяць кантроль над сітуацыяй, і ў выніку атрымаць заслужаную дзяржаўную ўзнагароду. Сярод іх – былы дырэктар прадпрыемства Аляксандр Грос, галоўны бухгалтар Алена Рагойжа, начальнік лінейнага будаўніча-мантажнага ўчастка Аляксандр Грэйня, якія шчодра дзяліліся вопытам і слушнымі парадамі.
– Галоўнай тактыкай кіраўніцтва я абраў прадаўжэнне добрых традыцый прадпрыемства, развіццё напрацовак, – расказвае мужчына.
У “спадчыну” яму дасталася праблемнае пытанне ў выглядзе складскіх запасаў прадукцыі, таксама прыемны бонус – накапленні на дэпазіце і структурыраваная база прадпрыемства, якая эфектыўна працуе і сёння, і, нарэшце, выразны курс работы, прадаўжальнікам якога стаў Віталій Тадэвушавіч.
– Перада мной стаяла простая і адначасова складаная задача: падтрымаць працаздольнасць зладжанага калектыву прадпрыемства, працаваць не горш, а недзе і крыху лепш, чым было. Хацелася апраўдаць давер.
Віталій Шулейка падыходзіў да справы, як да асабістага жыццёвага экзамену: стараўся на ўсе ключавыя сустрэчы, перагаворы, устаноўку і запуск новага абсталявання выязджаць асабіста. Дзякуючы гэтаму ён атрымаў важны вопыт у сваёй галіне, які, як вядома, за плячыма не насіць.
За гады працы змог паступова выраўняць сітуацыю з запасамі і наладзіць вытворчасць па прамых папярэдніх замовах. У гэтым плане дапамог Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 146 “Аб фінансаванні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання”, дзякуючы якому сельскагаспадарчыя прадпрыемствы змаглі набываць патрэбную ў гаспадарцы тэхніку, а выканальнікі работ – своечасова атрымліваць аплату за вырабленую прадукцыю.
– Калектыў Дзятлаўскай сельгастэхнікі за дзесяцігоддзі стварыў рэпутацыю прадпрыемства, прадукцыю якога ведаюць і цэняць па ўсёй Беларусі. Тут сапраўды ёсць чым ганарыцца, а любому кіраўніку – падтрымліваць дастойны ўзровень, – робіць выснову Віталій Тадэвушавіч.
Новы дырэктар ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Уладзімір Жых беражліва захоўвае набыткі і вопыт папярэднікаў і памнажае іх пры падтрымцы працоўнага калектыву. Прадпрыемства, заснаванае ў далёкім 1944 годзе, ідзе ў нагу з часам, адпавядаючы сучасным тэндэнцыям і запатрабаванням рынку. Калі на пачатку сваёй дзейнасці яно было занята абслугоўваннем сельскай гаспадаркі, то сёння значна пашырыла спектр дзейнасці. На працягу апошніх 30 гадоў прадпрыемства займаецца пераважна вырабам і мантажом абсталявання для жывёлагадоўлі, вытворчасцю кармоў. На гэтай глебе працуе з малочнатаварнымі комплексамі па ўсёй рэспубліцы. Таксама тут праводзяць рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі і аўтатранспарту, захоўванне і транспарціроўку сельгаспрадукцыі. Сённяшняя сельгастэхніка – гэта больш за 110 чалавек, якія працуюць у чатырох аддзелах. Дзякуючы ім прадпрыемства ўпэўнена функцыянуе, завяршаючы кожны новы год з прыбыткам і дакладнымі перспектывамі. На 2022 год, які не так даўно пачаўся, таксама ўжо заключаны 6 дагавораў на выраб даільных установак, якія з’явяцца ў тым ліку на Дзятлаўшчыне пасля рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў у ААТ “Граніт-Агра” і СГФ “АграМілк”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga