Паціснулі мужную руку АляксеюТалаю

Важнае Грамадства

Урачыстая цырымонія перадачы бюстаў Герояў Савецкага Саюза Васіля Маргелава і Зінаіды Партновай, дзякуючы праекту “Алея расійскай славы”, адбылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Яна праходзіла пры падтрымцы дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая – паралімпійца, матывацыйнага спікера, грамадскага дзеяча. Ён выступіў ініцыятарам стварэння самага вялікага ў свеце калекцыйнага выдання аб легендарных продках “Жывая памяць удзячных пакаленняў”. У зале прысутнічаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Мінскага гарвыканкама, расійскага пасольства, сам Аляксей і школьнікі, якія пісалі аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. У цырымоніі таксама прымалі ўдзел ветэраны вайны, нашчадкі Герояў Савецкага Саюза, прадстаўнікі праекта “Алея расійскай славы”, курсанты Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, рота ганаровай варты Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, дачка Героя Савецкага Саюза Андрэя Серабракова, а таксама праўнукі беларускіх разведчыкаў-герояў Марата Казея і Алены Мазанік.

Нам выпаў вялікі гонар прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве, на якое мы былі запрошаны з навучэнкай 11 класа нашай школы Юліяй Ступчык.

Юлія заўсёды з вялікім задавальненнем удзельнічае ў літаратурных конкурсах і акцыях, асабліва калі яны звязаны з тэматыкай Вялікай Айчыннай вайны. Разам мы правялі маштабную пошукавую работу пра герояў вайны, якія пакінулі свой глыбокі след у гісторыі. Яе эсэ для калекцыйнага выдання “Жывая памяць удзячных пакаленняў” –  пра Зіну Партнову, якая ў гады вайны ў 17-гадовым узросце ліквідавала больш за сто нямецкіх вайскоўцаў, накарміла іх “смяротным супам” і нават у палоне пад катаваннямі не выдала іншых падпольшчыкаў. Асноўная думка гэтага эсэ – жанчынам не месца на вайне, у іх іншая роля: нараджаць і выхоўваць дзяцей, захоўваць сямейны ачаг, але яны абаранялі Радзіму нароўні з мужчынамі, не баючыся глядзець смерці ў твар.

Зберагчы адзінства і захаваць агульную памяць – галоўная думка, якая праходзіла праз усю цырымонію. Удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў зале музея, каб у Год гістарычнай памяці ўшанаваць памяць і славу нашых дзядоў і прадзедаў, якія адстаялі незалежнасць Беларусі. Гэтыя пачуцці мы павінны перадаць нашым дзецям і ўнукам – спадчыннікам тых, хто перамог карычневую чуму, ахвярамі якой сталі дзеці, жанчыны, старыя.

Мы атрымалі ў падарунак сувенірныя бюсты, рэдкія кнігі пра герояў вайны ад намесніка кіраўніка праекта “Алея расійскай славы” Віталія Шыяна. Але самае галоўнае: спраўдзілася мая мара. Я пазнаёмілася з Аляксеем Талаем, унікальным чалавекам, і паціснула яго мужную руку.

Выказваем падзяку начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Наталлі Сяргееўне Белаус за дапамогу ў арганізацыі паездкі.

Святлана УРБАН,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: