У радах савецкіх войскаў, якія прайшлі пекла Афганістана, было нямала і нашых землякоў.
Не ўсе яны вярнуліся дамоў, некаторых ужо няма ўжывых. У знак памяці і пашаны дзятлаўчанам, якія сумленна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак, на Дзятлаўшчыне закладзены мемарыяльныя знакі. Праз іх пралягае памятны “афганскі” маршрут, які прапануем прайсці разам.
***
На пастаменце ў парку па вуліцы Чырвонаармейскай узвышаецца браніраваная разведвальна-дазорная машына (БРДМ) – помнік, усталяваны ў 1998 годзе да 500-годдзя горада Дзятлава. Ён прысвечаны 130 воінам-інтэрнацыяналістам, ураджэнцам Дзятлаўскага раёна, якія выконвалі свой воінскі абавязак у Афганістане. Двое жыхароў нашага раёна загінулі на афганскай зямлі, гэта Аляксандр Шылаў і Дзмітрый Лазовік.
Аказваецца, на месцы разведвальнай тэхнікі (аналаг машын, якія дзейнічалі ў час вайны ў Афганістане) спачатку планавалі ўстанавіць самаходную артылерыйскую ўстаноўку (САУ-2) часоў Другой сусветнай вайны. Аднак калегіяльна было вырашана, што такая тэхніка не адпавядае рэаліям вайны ў Афганістане. Месца на пастаменце заняў БРДМ: машына не прымала ўдзел у баявых дзеяннях у Рэспубліцы Афганістан, а была задзейнічана ў мірны час на нашай зямлі. Вадзіцелем яе быў камандзір інжынернага ўзвода ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння, старшы прапаршчык Веніямін Шыгіда. Тэхніка стала адным з першых помнікаў воінам-інтэрнацыяналістам на тэрыторыі Беларусі.
Пазней перад БРДМ былі высаджаны дзве туі ў памяць аб загінулых у Афганістане дзятлаўчанах, а за машынай – яшчэ некалькі дрэў, кожнае – напамін пра нашых землякоў, памерлых у мірны час пасля вываду савецкіх войск з Афганістана. Рады воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія юнакамі неслі службу на афганскай зямлі, за гады парадзелі на 26 чалавек, але апошнім часам высадка памятнай алеі не прадаўжалася.
Штогод каля помніка па вуліцы Чырвонаармейскай праходзяць мітынгі, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, у іх удзельнічаюць прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, школьнікі райцэнтра. Тут пачынаецца памятны маршрут воінаў-афганцаў на Дзятлаўшчыне.
***
Мабыць, не кожны мясцовы жыхар ведае, што ў Дзятлаве ёсць вуліца Інтэрнацыянальная. У 1999 годзе тут, на доме № 2, была ўсталявана мемарыяльная дошка з надпісам “Землякам-дзятлаўчанам, якія з гонарам выконвалі інтэрнацыянальны абавязак”. Вуліца атрымала сваю назву задоўга да гэтай знакавай падзеі, яшчэ ў час распрацоўкі праекта горада архітэктарамі, а ўстаноўка дошкі была прымеркавана да дзясятай гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана. Па словах відавочцаў, знак вырашылі замацаваць на першым доме па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Па той прычыне, што ён пуставаў, таблічку размясцілі на наступным доме, папярэдне атрымаўшы дазвол гаспадароў.
***
Памяць воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Шылава, які загінуў у Афганістане ў час выканання службовых абавязкаў, шануюць землякі-новаяльнянцы. На адміністрацыйным будынку камбіната хлебапрадуктаў, дзе працаваў юнак, злева ад прахадной на сцяне размешчана гранітная дошка, на якой напісана: “Тут працаваў Шылаў Аляксандр Сяргеевіч (1962-1982), кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, воін-інтэрнацыяналіст, які аддаў жыццё пры аказанні інтэрнацыянальнай дапамогі Рэспубліцы Афганістан”. Кожны год 15 лютага землякі ўскладваюць да яе жывыя кветкі.
На будынку Новаяльнянскай сярэдняй школы ёсць яшчэ адна мемарыяльная дошка, прысвечаная памяці Аляксандра Шылава.
***
На будынку Дварэцкай сярэдняй школы знаходзіцца памятная мемарыяльная дошка, прысвечаная яе выпускніку, ураджэнцу вёскі Малая Палонка Дзмітрыю Лазовіку, які загінуў пры выкананні службовага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан.
***
У Новаяльнянскай і Дварэцкай школах, дзе вучыліся загінулыя воіны-інтэрнацыяналісты Аляксандр Шылаў і Дзмітрый Лазовік, піянерскія атрады носяць іх імёны, а ў школьных музеях навучальных установаў створаны тэматычныя куткі, прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам. Кожны год “шэфы” з ліку школьнікаў прыбіраюць магілы салдат на мясцовых могілках, аддаючы даніну памяці славутым землякам.
Наталля АВЯРЧУК
Фота з архіва рэдакцыі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga