На Вензавецкі ўчастак для галасавання № 1 шматдзетная сям’я Шкель прыйшла з дзецьмі.
Разам з матуляй Таццянай Іванаўнай і татам Генадзем Віктаравічам удзел у важнай грамадскай падзеі, датэрміновым галасаванні на рэспубліканскім рэферэндуме, прымалі трое іх сыноў – дванаццацігадовы Аляксандр, чатырохгадовы Яраслаў і двухгадовы Іван (старэйшыя дзеці Наталля і Ягор ужо дарослыя, яны галасуюць самастойна).
Падлетку Аляксандру было цікава паназіраць, як бацькам выдаюць бюлетэні і як яны накіроўваюцца ў кабінкі, каб іх запоўніць, а вось малодшым, Яраславу і Івану, за шчасце было апусціць бюлетэні ў скрыню для галасавання.
На ўчастку вялікую сям’ю чакаў прыемны сюрпрыз: у рамках традыцыйнай акцыі Беларускага саюза жанчын “На выбары – усёй сям’ёй” падарунак ім уручыла намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Таццяна Нікіпорчык.
– Развіццё грамадства немагчыма без падтрымкі дзяржавай сям’і, захавання сямейных каштоўнасцяў і традыцый, падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі, – зазначыла Таццяна Сямёнаўна, уручаючы падарунак. – Мы адчуваем клопат, упэўненасць у заўтрашнім дні, магчымасць зарабіць сумленнай працай на дастойнае жыццё. Новаўвядзенні ў Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь сведчаць аб тым, што дзяржава не пакіне людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Дзятлаўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” выражае вам сваё прызнанне за тое, што вы прыйшлі на выбарчы ўчастак і аддалі свае галасы за нашу будучыню і будучыню ўласных дзяцей.
Да слова, Таццяна Шкель нядаўна была ўзнагароджана ордэнам Маці, у жанчыны пяцёра дзяцей, яна жадае ім шчасця і не можа заставацца раўнадушнай да важных падзей, якія адбываюцца ў Беларусі.
Таццяна Іванаўна падзякавала раённаму жаночаму аб’яднанню за сюрпрыз і шчырыя словы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga