Будучыню трэба будаваць сёння

Важнае Грамадства Падзеі

Напрыканцы мінулага года ў Палацы Рэспублікі Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды выдатным людзям з усіх рэгіёнаў нашай краіны.

Сярод 80 узнагароджаных – чатыры прадстаўнікі Дзятлаўскага раёна: Віталій Шулейка, Станіслаў Мазур, Мікалай Слушко і Віктар Адамчык, адзначаныя медалямі “За працоўныя заслугі”.

На старонках газеты “Перамога” мы расказваем пра ўладальнікаў узнагарод, герояў новага часу, якія чарговы раз далі нагоду ганарыцца нашай Дзятлаўшчынай. Для дырэктара Дзятлаўскага ПМС Віктара Адамчыка 2021 год стаў асаблівым, “ураджайным” на высокія дзяржаўныя адзнакі. Ён стаў першым меліяратарам Гродзеншчыны, у постсавецкі час удастоеным узнагароды “За працоўныя заслугі”. Акрамя таго, кіраўнік прадпрыемства быў адзначаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь “За вялікі ўклад у рэалізацыю эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь” і адпаведным нагрудным знакам. Сам Віктар Уладзіміравіч лічыць, што такі значны прафесійны поспех быў бы немагчымы без некалькіх умоваў:

– Увесь сэнс майго жыцця змяшчаецца ў чатырох словах – бацькі, сям’я, Войневічы і ПМС. Без любога з іх я б не стаў тым, хто ёсць цяпер, не дасягнуў бы таго, што маю.

Ён шчыра ўдзячны сваёй матулі за жыццё, любоў, выхаванне няўрымслівага цікаўнага і настойлівага характару, за бязмежную веру ў сына і яго поспехі.

З гонарам дырэктар аднаго з буйных прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны расказвае, што пачынаў працоўную кар’еру ў калгасе “Войневічы” ў памятным 1988 годзе: яшчэ будучы студэнтам, уладкаваўся сюды на лета памочнікам камбайнера. Затым былі гады вучобы, служба ў войску – і праз шэсць гадоў Віктар Адамчык вярнуўся ў арганізацыю спецыялістам, прыняў пост загадчыка майстэрняў, затым – аўтагаражоў. Работа ў калгасе стала сапраўднай школай жыцця, якая навучыла будучага кіраўніка працаваць з поўнай аддачай, клапаціцца пра свой калектыў, быць шматвектарным і бачыць перспектывы.

На наступны важны крок у жыцці Віктара Адамчыка, пераезд у Казлоўшчыну і перамену месца працы, натхнілі блізкія людзі. Сям’я атрымала трохпакаёвую кватэру ў пасёлку, а сам спецыяліст – прапанову аб працы ва ўпраўленні меліярацыйных сістэм. У першы дзень навучальнага 2008 года яго дзеці пайшлі ў Казлоўшчынскую сярэднюю школу, а сам Віктар Уладзіміравіч прыступіў да абавязкаў механіка ў новай арганізацыі. У перспектыўнага амбіцыйнага работніка паверыў начальнік прадпрыемства Віктар Шушко: менш чым праз год той стаў яго пераемнікам на кіруючай пасадзе.

З гэтага часу пачалася новая значная веха ў жыцці Віктара Адамчыка, звязаная з Дзятлаўскім ПМС. Са шматлікім дружным калектывам меліяратараў ён прайшоў вялікі шлях, бачыў складаныя і паспяховыя часы, вучыўся знаходзіць кампрамісы і выйсце ў розных сітуацыях. Тут ён змог праявіць свае ўменні кіраўніка, стратэга, дбайнага гаспадара, захоўваючы два галоўныя жыццёвыя прынцыпы: рабіць усё магчымае для камфортнай працы людзей і заўсёды развівацца, ніколі не спыняючыся на дасягнутым.

– З вопыту я зразумеў адно: будучыню трэба будаваць ужо сёння, працаваць і ствараць, думаючы пра тых, хто прыйдзе сюды пасля цябе. Добра атрымаецца ці не вельмі, вырашаць людзі і час, – разважае суразмоўца.

Дырэктар Дзятлаўскага ПМС за час свайго кіраўніцтва пастараўся палепшыць умовы працы меліяратараў: была добраўпарадкавана тэрыторыя прадпрыемства на абодвух вытворчых участках, перакрыты дах, праведзены рамонты ў асобных падраздзяленнях, гэта справа будзе прадоўжана сёлета. За апошнія гады істотна абнавіўся і пашырыўся транспартны парк прадпрыемства, што станоўча паўплывала на аб’ёмы работ. Дзятлаўскае ПМС паспяхова канкурыруе ў сваёй сферы, паспяхова працуе там, дзе іншым арганізацыям не хапае сілаў і тэхнічных магчымасцяў. За мінулы год прадпрыемства стала лепшым у вобласці па выкананні вытворчых паказчыкаў, другім па аб’ёмах выкананых работ. А гэта значыць – дастойны ўзровень даходаў і жыцця калектыву, развіццё самога прадпрыемства. Не сакрэт, што і людзі імкнуцца ісці працаваць туды, дзе ім будзе камфортна, мабыць, таму ўсё часцей у Дзятлаўскае ПМС звяртаюцца ў пошуку вакансій.

– Я не “кабінетны” работнік, – шчыра прызнаецца ў час размовы Віктар Адамчык. – Меліярацыя не церпіць сядзення на месцы. Калі мае падначаленыя працуюць на аддаленых аб’ектах у Дзятлаўскім, Карэліцкім раёнах і за іх межамі, я часта праводжу іх у камандзіроўку да пачатку працоўнага дня, каб даць заключныя парады і наказы, або сам саджуся за руль і раблю аб’езд па нашых аб’ектах, “трымаю руку на пульсе” хода работ. Дарэчы, нават калі я ў дзелавым касцюме, заўсёды маю ў машыне гумовыя боты для работы ў палях.

Сям’я, дзеля якой Віктар Адамчык не перастае рухацца наперад, стала для яго надзейным тылам у нялёгкай, напружанай, часта ненармаванай па часе працы. Тут мужчына заўжды знаходзіць любоў, падтрымку і сілы ісці далей нават у самыя складаныя моманты жыцця.

Таксама Віктар Уладзіміравіч ўпэўнены: каб дасягаць любых вышыняў, неабходна быць патрабавальным да сябе і ўвесь час павышаць узровень ведаў. За гады працы ён атрымаў агранамічную спецыяльнасць у Гродзенскім аграрным універсітэце, кіруючую – у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце і не збіраецца спыняцца на дасягнутым. У бліжэйшых планах – зноў сесці за студэнцкую лаву ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце, каб вывучаць вытворчае грамадзянскае будаўніцтва.

– Сёння меліярацыя – галіна гаспадаркі, якая дынамічна развіваецца, яна даўно выйшла за межы абслугоўвання меліярацыйных сетак. У гэтай сферы трывала замацавалася будаўніцтва, што даказала наша запатрабаванасць і паспяховасць на самых спецыфічных і няпростых будаўнічых аб’ектах па ўсёй краіне. Каб развівацца ў гэтым напрамку, да практыкі і вопыту неабходна дадаць грунтоўныя тэарэтычныя веды, – тлумачыць сваё рашэнне Віктар Уладзіміравіч.

Ён ахвотна спрыяе павышэнню адукацыі сваіх падначаленых, радуецца іх поспехам, бо ведае: гэта важкі ўклад у будучыню прадпрыемства.

– Што вы адчувалі, атрымліваючы адну з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў ад Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь? – пытаюся на зявяршэнні размовы ў Віктара Адамчыка.

– Адчуваў гонар за калектыў і нашу справу, задавальненне ад многіх гадоў працы для росквіту нашай краіны. Адчуванне, што зробленае больш чым за дзесяцігоддзе, не дарма, усё было заўважана і атрымала дастойную ўзнагароду. Таксама перажываў пачуццё велізарнай радасці ад таго, што мая сям’я, матуля, мае дзеці ганарацца мной і справай майго жыцця.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: