Андрэй Садоўскі: “Важна быць актыўнымі ў выбары курса краіны”

Галоўнае Улада

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі абмеркаваў праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з калектывам Дзятлаўскага ПМС, расказаў пра стан эканомікі раёна, адказаў на пытанні прысутных.

У сустрэчы ўдзельнічаў дырэктар прадпрыемства Віктар Адамчык.

Кіраўнік раёна заўважыў, што неабходнасць канстытуцыйных пераўтварэнняў выклікана патрабаваннямі часу. Андрэй Уладзіміравіч спыніўся на асноўных змяненнях і дапаўненнях праекта, сярод якіх пункты пра абарону краіны, захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, эканамічныя новаўвядзенні, сацыяльныя гарантыі насельніцтву, заканадаўчае замацаванне права на жыллё, інстытут сям’і як саюз мужчыны і жанчыны, выбарчае заканадаўства, замацаванне Усебеларускага народнага сходу як органа дзяржаўнай улады. Вялікая ўвага ў праекце Канстытуцыі звернута на здароўе грамадзян.

– Наша краіна выдаткоўвае вялікія сродкі на бясплатнае лячэнне людзей, асабліва гэта стала заўважна ў час пандэміі. Але і самі грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя, у тым ліку – вакцынавацца супраць каранавіруснай інфекцыі, – нагадаў у час выступлення старшыня райвыканкама.

Андрэй Садоўскі заклікаў удзельнікаў сустрэчы больш дэталёва вывучыць змест праекта Канстытуцыі, абмеркаваць у сям’і, калектыве, бо сучаснаму чалавеку неабходна ведаць Асноўны Закон, па якім жыве краіна.

27 лютага жыхары Дзятлаўшчыны разам з усімі беларусамі прымуць удзел у рэспубліканскім рэферэндуме, дзе вырашаць для сябе, пагадзіцца прыняць змяненні ў Канстытуцыю або не.

– Што вы ўпішаце ў бюлетэнь, кожны вырашыць сам, – сказаў Андрэй Садоўскі. – Важна ў гэтай сітуацыі быць актыўным грамадзянінам сваёй краіны, не заставацца ўбаку, а выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Якаўчык агучыў вынікі даследавання “Беларусь. Меркаванне аб будучыні”. Ён адзначыў, што, згодна з вынікамі апытання, колькасць беларусаў, якія давяраюць Прэзідэнту, павялічылася і, наадварот, стала менш людзей, якіх непакояць эканамічныя санкцыі краін Захаду. Грамадзяне давяраюць уладзе краіны і разумеюць, што санкцыі не паўплываюць на ўзровень жыцця беларусаў.

Расказваючы пра эканамічнае жыццё, кіраўнік раёна адзначыў: усе прадпрыемствы Дзятлаўшчыны прыбытковыя, эканоміка раёна па выніках мінулага года спрацавала “з плюсам”.

У час сустрэчы старшыні райвыканкама паступілі пытанні і пажаданні ад работнікаў прадпрыемства меліярацыйных сістэм, жыхароў пасёлка Казлоўшчына, якія тычыліся перспектываў работы мясцовага рынку, з’яўлення ў населеным пункце спецыяльных месцаў для адпачынку, ачысткі і добраўпарадкавання мясцовага возера. Андрэй Садоўскі паабяцаў у перспектыве звярнуць пільную ўвагу на гэтыя праблемы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: