Як у 2022 годзе будуць прызначацца пенсіі?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Са студзеня 2017 года пачалося паэтапнае, на паўгода ў год, павышэнне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі – 58 гадоў.

Адпаведна павелічэнню агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту адбываецца павелічэнне ўзросту выхаду на датэрміновыя пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў.

Як гэта будзе ажыццяўляцца ў 2022 годзе, расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава:

– У 2022 годзе правам на працоўную пенсію па ўзросце змогуць скарыстацца мужчыны, якія нарадзіліся ў другой палове 1959 года пасля дасягнення імі 63 гадоў і жанчыны, якія нарадзіліся ў другой палове 1964 года, пасля дасягнення 58 гадоў.

У выніку паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту скончыцца ў другой палове 2022 года. Далей усе будуць выходзіць на пенсію ва ўзросце: мужчыны – у 63 гады, жанчыны – у 58 гадоў.

Абавязковай умовай для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросту і за выслугу гадоў, акрамя дасягнення ўстаноўленага ўзросту, з’яўляецца наяўнасць страхавога стажу ўстаноўленай законам працягласці.

Пачынаючы са студзеня 2017 года страхавы стаж, неабходны для прызначэння працоўнай пенсіі, павялічваецца на паўгода ў год.

Калі ў 2017 годзе патрабавалася наяўнасць не менш за 16 гадоў стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, у 2018 годзе – не менш за 16,5 года, у 2019 годзе – не менш за 17 гадоў, у 2020 годзе – не менш за 17,5 гадоў, у 2021 годзе – не менш за 18 гадоў, то ў 2022 годзе – не менш за 18,5 гадоў.

Выключэнне складаюць шматдзетныя маці, якія нарадзілі 5 і больш дзяцей, маці ваеннаслужачых, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы, інваліды вайны, інваліды з дзяцінства, бацькі дзяцей-інвалідаў, ліліпуты і карлікі – гэтым катэгорыям грамадзян для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце патрабуецца мець не менш за 5 гадоў страхавога стажу.

Акрамя таго, зніжана да 10 гадоў працягласць страхавога стажу для асобаў, якія доўгі час ажыццяўлялі сацыяльна значныя віды дзейнасці і па гэтай прычыне не змаглі сфарміраваць неабходны страхавы стаж, але, разам з тым, маюць агульны стаж: мужчыны – не менш за 40 гадоў, жанчыны – не менш за 35 гадоў.

Пры такой жа працягласці страхавога стажу, 10 гадоў, і наяўнасці агульнага стажу ў мужчын 25 гадоў і 20 гадоў у жанчын, пенсія па ўзросце прызначаецца грамадзянам, якія доўгі час (не менш за 10 каляндарных гадоў без заліку ў гэты стаж часу знаходжання ў сацыяльным водпуску па доглядзе дзяцей) праходзілі ваенную службу, службу ў ваенізаваных арганізацыях і пры гэтым не набылі права на пенсію па нормах Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні ваеннаслужачых, асобаў начальніцкага і радавога саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і органаў фінансавых расследаванняў”.

Пры назначэнні пенсіі ў 2022 годзе заробак падлічваецца за апошнія 28 гадоў перад назначэннем пенсіі (згодна з заканадаўствам перыяд для налічэння індывідуальнага каэфіцыента заробку штогод павялічваецца на 1 год па фактычна наяўным стажы работы асобы, якая звярнулася па пенсію).

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga