Таццяна Шкель, мама пяцярых дзяцей з аграгарадка Вензавец, стала 48-й жыхаркай раёна, адзначанай ордэнам Маці.
Высокую дзяржаўную ўзнагароду жанчыне ўручылі ў раённым аддзеле ЗАГС.
На свята вялікай сям’і сабралася цэлая зала гасцей: кіраўніцтва раёна, землякі, калегі, работнікі культуры. Прыемную місію па ўручэнні ордэна выканала старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, якая наведала Дзятлаўшчыну з рабочым візітам. Яна павіншавала шматдзетную матулю з адметнай падзеяй:
– Сёння я маю ганаровую і вельмі хвалюючую місію – уручыць заслужаную ўзнагароду прыгожай, абаяльнай, моцнай духам, валявой жанчыне. Выхоўваць пяцярых дзяцей – сапраўдны подзвіг, нізкі паклон вам за гэта. Вельмі радасна, што ў нашай спакойнай, мірнай краіне праводзіцца такая палітыка, якая дае магчымасць нараджаць і выхоўваць дзетак, мець упэўненасць у заўтрашнім дні. На Гродзеншчыне яшчэ дзесяць гадоў таму было каля 7 тысяч шматдзетных сем’яў, сёння налічваецца больш за 14 тысяч, у якіх гадуюцца больш за 50 тысяч дзетак.
Шчырыя словы віншавання і захаплення ардэнаноснай матулі адрасаваў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі:
– Вельмі прыемна, што ў нашым раёне пастаянна расце колькасць шматдзетных сем’яў. Кожны год мы ўручаем ад двух да чатырох ордэнаў Маці дзятлаўчанкам. Шчаслівае мацярынства і дзяцінства – адзін з прыярытэтаў нашай дзяржавы, а ордэн Маці, лічу, самая высокая ўзнагарода ў нашай краіне, бо выхаванне дзяцей – найбольш значная праца. Ад імя кіраўніцтва раёна віншую вас, жадаю шчасця, дабрабыту і моцнага здароўя.
Да віншаванняў далучыліся старшыня Вензавецкага сельвыканкама Алег Шымко, дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Дурко, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель. Яны пажадалі бацькам доўгага шчаслівага жыцця, заўжды мець нагоду радавацца і ганарыцца сваімі дзецьмі. Ад санаторыя “Альфа Радон”, дзе працуе мама Таццяна Іванаўна, сям’і перадалі салодкі падарунак.
Сям’я Шкеляў – гэта сапраўдныя сем “я”: мама, тата і пяцёра дзяцей, якія гадуюцца ў атмасферы любові, спагады і ўзаемнай дапамогі. Гаспадар сям’і Генадзь Віктаравіч працуе ў дрэваапрацоўчым цэху “Вензавец” Дзятлаўскага лясгаса. Старэйшая дачка Наталля зусім дарослая, ужо стварыла сваю сям’ю. Яна настаўніца біялогіі ў адной з сярэдніх школ Гомеля. Дзевятнаццацігадовы Ягор скончыў каледж і цяпер дастойна служыць Радзіме ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Аляксандр вучыцца ў восьмым класе Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, ён цяпер галоўны мамін памочнік з маленькімі брацікамі. Яраслаў, які нарадзіўся ў 2019 годзе, наведвае дзіцячы садок, а з Ванечкам, самым малодшым, Таццяна Іванаўна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Не ўся дружная сям’я змагла сабрацца ў святочнай зале ў гэты важны дзень, але падтрымку сваіх дзяцей матуля адчувала нават на адлегласці. Наталля запісала для мамы відэапрывітанне, якое кранула жанчыну да слёз.
– Цяпер разумею, што ўсё было нездарма, – пасля ўрачыстасці падзялілася эмоцыямі Таццяна Іванаўна. – Чуць словы ўдзячнасці ад сваіх дзяцей вельмі кранальна і радасна. Увесь час прывыкла жыць па прынцыпе “найперш усё – дзецям”, а сёння нечакана сама апынулася ў цэнтры ўвагі, атрымала такую важную ўзнагароду. Я шчаслівая, што гэту радасць раздзялілі са мной блізкія людзі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga