У райвыканкаме. Ключавая задача – павышэнне эканамічнай эфектыўнасці

Важнае Улада

У апошнія дні снежня адбылося сумеснае пасяджэнне сесіі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, на якім былі заслуханы справаздачы аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна на 2022 год; аб ходзе выканання ў раёне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. Таксама райсавет зацвердзіў бюджэт раёна на 2022 год.

Нарада прайшла пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага. У пасяджэнні прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.

У якасці найважнейшых прыярытэтаў развіцця раёна ў новым годзе былі вызначаны занятасць, экспарт, інвестыцыі. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жыдко адзначыў, што тэмп росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы ў 2022 годзе павінен скласці 109,6 працэнта да паказчыкаў 2021 года; інвестыцыі ў асноўны капітал – 103,5 працэнта; сукупныя паступленні даходаў у бюджэт раёна павінны скласці 104,1 працэнта адпаведна. Андрэй Паўлавіч асобна спыніўся на тэме прыцягнення інвестыцый у раён – ёсць шэраг праектаў, над якімі сёлета прыйдзецца напружана працаваць. Інвестыцыі – гэта рух наперад.

На пасяджэнні быў заслуханы і прыняты праект бюджэту на 2022 год. У наступным годзе, як і ў папярэднія, як патлумачыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала, будзе захавана сацыяльная накіраванасць бюджэту. Заданне даведзена сур’ёзнае – прырост уласных даходаў на 20 %, адпаведна, ключавая задача на 2022 год – павышэнне эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый.

Андрэй Садоўскі падзякаваў Ірыне Дзмітрыеўне за работу, адзначыў, што станоўчы вынік за 2021 год ёсць, і вялікая роля ў ім правільнае граматнае размеркаванне рэсурсаў фінансавым аддзелам.

Па трэцім пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён адзначыў, што за 2021 год у раёне адбылося 19 пажараў (у 2020 годзе – 28). На іх загінулі 4 чалавекі (у 2020 годзе – 2).

У мэтах рэагавання на сітуацыю з пажарамі і прыняцця мер па ўдасканаленні работы Дзятлаўскім РАНС у складзе назіральных камісій праверана 7035 домаўладанняў, накіравана 250 інфармацый зацікаўленым суб’ектам прафілактыкі.

У 2021 годзе ў 71 домаўладанні грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне, выкананы рамонт пячнога ацяплення, у 36 – рамонт электраправодкі, у 66 устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Пры абследаванні жылога фонду прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 22 грамадзяніны, з іх 13 – за курэнне ў месцы для сну, 3 – за ўтрыманне аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у няспраўным стане або іх дэмантаж, 6 – за парушэнне патрабаванняў эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Летась у раёне зарэгістравана 8 загаранняў у прыродных экасістэмах, з іх 4 – у лясах на тэрыторыі Жукоўшчынскага і Казлоўшчынскага сельсаветаў, 4 загаранні сухой расліннасці на тэрыторыі Дварэцкага і Новаяльнянскага сельсаветаў.

Дзятлаўскім РАНС праведзены выбарачныя і пазапланавыя праверкі, 127 маніторынгаў стану пажарнай бяспекі суб’ектаў гаспадарання.

За парушэнні заканадаўства аб пажарнай бяспецы складзена 27 адміністрацыйных пратаколаў на кіраўнікоў і службовых асоб суб’ектаў гаспадарання.

Што датычыцца прафілактыкі вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна, выканання заканадаўства аб ахове працы, за 11 месяцаў 2021 года мабільнай групай па выкананні заканадаўства аб ахове працы праведзена 132 выезды, выяўлены 1362 парушэнні правілаў і нормаў па ахове працы. Парушэнні ўхіляюцца ва ўстаноўленыя тэрміны.

Аддзелам унутраных спраў райвыканкама ў адпаведнасці з кампетэнцыяй на планавай аснове прымаюцца арганізацыйныя меры і ажыццяўляюцца практычныя мерапрыемствы па выкананні патрабаванняў Дырэктывы. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на Дзятлаўшчыне захоўваецца станоўчая тэндэнцыя па зніжэнні агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў па ўсіх суб’ектах уліку, агульны ўзровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва паменшыўся на 16,4 %, але застаецца вышэйшым за сярэдні па вобласці.

Актуальнымі застаюцца ў раёне тэмы папярэджання дзіцячага траўматызму і гібелі людзей на вадзе.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі дэталёва прааналізаваў некаторыя праблемы. Асобным кіраўнікам прадпрыемстваў і адказных структур была дадзена ацэнка іх работы. Андрэй Уладзіміравіч нагадаў усім прысутным, што выкананню Дырэктывы надаецца шмат увагі ў Гродзенскай вобласці. Штотыднёва разглядаліся і разглядаюцца пытанні бяспекі на ўзроўні губернатара.

Заслужаныя ўзнагароды

Завяршылася сумеснае пасяджэнне сесіі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта на прыемнай ноце.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ўручыў Дыплом Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта прадстаўніку ААТ “Граніт-Агра” за трэцяе месца па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы і пажадаў далей быць толькі першымі.

Уладзімір Сіняк падзякаваў за шматгадовую добрасумленную работу, за значны ўклад у выхаванне моладзі, чалавечнасць і самаадданасць сваёй прафесіі былому лідару раённай жаночай арганізацыі, намесніку начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алене Жадзейка.

Уладзімір Аляксандравіч уручыў Алене Іванаўне Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: