У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна адбылася сустрэча для бацькоў навучэнцаў 7-8 класаў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Законных прадстаўнікоў пазнаёмілі з магчымасцямі далейшага жыццяўладкавання выпускнікоў карэкцыйнага цэнтра, пастараліся наладзіць з імі больш цеснае ўзаемадзеянне, абмеркавалі праблемы, з якімі можна сутыкнуцца ў час пераходнага этапу.
Дарослым патлумачылі праект змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, якія датычацца павелічэння з 9 да 10 гадоў тэрміну атрымання адукацыі ў ЦКРНіР.
Пра дзейнасць аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” расказала яго загадчыца Алена Калюцік. Яна азнаёміла прысутных з асноўнымі формамі работы спецыялістаў з асаблівымі выхаванцамі, пералічыла мерапрыемствы, якія ладзяцца для сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі наведвальнікаў.
Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Чарняк патлумачыла, на якія віды матэрыяльнай падтрымкі могуць разлічваць сем’і, дзе гадуюцца дзеці-інваліды.
Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Інэса Стырнік азнаёміла бацькоў асаблівых дзяцей з умовамі прадастаўлення паслугаў няні.
Цікавасць удзельнікаў сустрэчы выклікала азнаямленчая экскурсія, якую правяла Алена Калюцік, каб паказаць памяшканні і матэрыяльна-тэхнічную базу “Праменьчыка”.
Напрыканцы сустрэчы бацькі падзяліліся ўражаннямі ад атрыманай інфармацыі, выказалі свае меркаванні наконт будучыні дзяцей. У прыватнасці зазначылі, што маюць патрэбу ў паслугах аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, аднак у некаторых выхаванцаў узнікнуць цяжкасці з наведваннем з-за адсутнасці рэгулярнага падвозу да Цэнтра сацабслугоўвання і назад, таксама прагучала заўвага аб недастатковасці памяшканняў, а канкрэтна, – адсутнасці ў “Праменьчыку” пакоя адпачынку.
Святлана РАНЦЭВІЧ,
сацыяльны педагог Дзятлаўскага раённага ЦКРНіР
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga