Калядныя падарункі і гульні ад свавольніка Бураціны

Грамадства Свежыя навіны

Зімовы сезон багаты на святы, падарункі, бадзёры настрой. На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца добрыя цуды для юных жыхароў раёна.

У дні Нараджэння Хрыстова выхаванцы прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава ў чарговы раз сустракалі гасцей.

У рамках рэспубліканскай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” і дабрачыннай акцыі моладзевых аб’яднанняў “БРСМ” і “БРПА” “Цуды на Каляды” сваіх равеснікаў з прытулка наведалі члены гарадскога піянерскага штаба Таццяна Дзедава і Усевалад Сілецкі на чале са старшынёй раённага савета ГА “БРПА” Ірынай Мішчанка.

Для Дзяніса, Паўла і Дзмітрыя госці падрыхтавалі інтэрактыўную забаўляльную праграму “Мы разам”, якая ўключала вясёлыя конкурсы і заданні ад свавольніка Бураціны, ролю якога майстэрскі выканала Ірына Мішчанка. Хлопчыкі старанна ўдзельнічалі ва ўсіх іспытах, асаблівую цікавасць выклікала заданне “Хто надзьме самую вялікую мыльную бурбалку?”. Госці падарылі выхаванцам прытулка не толькі жарты, усмешкі і добры настрой, але і перадалі ім падарункі ад Дзядулі Мароза – наборы канцылярскіх прыладаў.

На развітанне валанцёры пажадалі хлопчыкам, каб у кожнага з іх збыўся свой калядны цуд, каб жыццё ў новым годзе было больш светлым, паспяховым і шчаслівым.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі акцыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: