Адным з відаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, якая ажыццяўляецца паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2012 года № 41, з’яўляецца сацыяльная дапамога для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў.
На пытанні аб правілах яе атрымання адказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Чарняк.
Пытанне: каму і ў якой суме прадастаўляецца грашовая дапамога на набыццё падгузнікаў?
Адказ: незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу сям’і (грамадзяніна) яна прадастаўляецца дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, якія маюць IV ступень страты здароўя, і інвалідам I групы на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда або заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб патрэбе ў падгузніках і дакументаў, якія пацвярджаюць расходы на іх набыццё.
Кампенсуюцца расходы на наступныя рэчы гігіены: падгузнікі (трусікі), прасціны (пялёнкі), якія ўпітваюць вадкасць, уралагічныя пракладкі (укладышы).
Памер дапамогі ўстанаўліваецца ў суме, якая не перавышае 1,5-разовага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва на дату прыняцця рашэння. Прадастаўляецца яна чатыры разы на каляндарны год, але не часцей за адзін раз на месяц.
Пытанне: маёй маці ўстанавілі I групу інваліднасці і выдалі медыцынскае заключэнне, што яна мае патрэбу ў падгузніках. Аднак іх мы набывалі даўно. За які перыяд можна прадставіць чэкі для кампенсацыі?
Адказ: паколькі сацыяльная дапамога для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў прадастаўляецца на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда або заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, то для яе прызначэння грамадзянам неабходна прадастаўляць дакументы, якія пацвярджаюць расходы, менавіта з даты выдачы медыцынскага пасведчання аб патрэбе ў падгузніках.
Пытанне: з заявай на атрыманне дапамогі на падгузнікі могуць звяртацца сваякі інваліда І групы, а ці будуць ім выплачаны грошы ў выпадку смерці інваліда?
Адказ: падаць заяву аб прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў і неабходныя дакументы могуць сваякі інваліда І групы. Але сама дапамога прадастаўляецца толькі інваліду, а не яго законнаму прадстаўніку ці сваяку. Таму ў выпадку смерці грамадзяніна, які меў права на сацыяльную дапамогу для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў, выплата такой дапамогі членам яго сям’і (апекуну, прадстаўніку) не ажыццяўляецца.
Пытанне: ці можна для атрымання сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў прадастаўляць чэкі на іх пакупку ў іншых краінах?
Адказ: нельга: падпунктам 2.33.2 пункта 2.33 пераліку адміністрацыйных працэдур вызначана, што ва ўстаноўленых у адпаведнасці з заканадаўствам дакументах, якія пацвярджаюць расходы на набыццё падгузнікаў, абавязкова павінна быць указана найменне тавару, набытага ў Рэспубліцы Беларусь.
Пытанне: якімі дакументамі можна пацвярджаць траты на набыццё падгузнікаў?
Адказ: да такіх дакументаў адносяць:
– плацежны дакумент (касавы чэк), у якім пазначана афіцыйная назва прадаўца, уліковы нумар плацельшчыка (УНП), парадкавы нумар плацежнага дакумента, дата і час аперацыі продажу тавару, афармленне чэка продажу, найменне, колькасць і цана тавара, сума.
У выпадку адсутнасці ў плацежным дакуменце пералічанай інфармацыі, дакументамі, якія пацвярджаюць траты на набыццё тавараў з’яўляюцца:
– плацежны дакумент і таварны чэк з афіцыйнай назвай прадаўца, уліковым нумарам плацельшчыка (УНП), датай продажу тавару, найменнем, колькасцю і цаной тавара, сумай. Іх падпісвае асоба, якая непасрэдна ажыццявіла водпуск тавараў, з указаннем пасады, прозвішча і ініцыялаў;
– квітанцыя аб прыёме наяўных грашовых сродкаў;
– плацежны дакумент і карт-чэк у выпадку аплаты бягучых аперацый з выкарыстаннем касавага абсталявання пры ажыццяўленні разлікаў у безнаяўнай форме з дапамогай банкаўскіх плацёжных картак. Пры адсутнасці плацежнага дакумента і (або) карт-чэка прыкладаецца выпіска па рахунку кліента, доступ да якога забяспечваецца банкаўскай плацежнай карткай;
– карт-чэк у выпадку аплаты бягучых аперацый з выкарыстаннем праграмна-тэхнічных сродкаў, якія забяспечваюць абслугоўванне трымальнікаў картак, у тым ліку сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (банкамат, інфакіёск, інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг, SMS-банкінг, ТБ-банкінг, USSD-банкінг), або выпіска па рахунку кліента, да якой выдадзена асабістая (карпаратыўная) дэбетавая картка.
Што тычыцца дакументаў, якія пацвярджаюць факт набыцця рэчаў гігіены з дапамогай інтэрнэт-пляцовак, у прыватнасці, праз інтэрнэт-магазін Wildberries, то яны не могуць быць прыняты да аплаты, паколькі гэты інтэрнэт-магазін належыць юрыдычнай асобе з Расіі, значыць, тавар фактычна набываецца на тэрыторыі Расіі. Такім чынам, дакументы, якія пацвярджаюць факт набыцця рэчаў гігіены праз замежныя інтэрнэт-магазіны, не могуць быць прыняты да аплаты пры прадастаўленні сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў, паколькі яны набыты не на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga