Сустрэчу з жыхарамі Казлоўшчынскага сельскага савета па тлумачэнні і абмеркаванні пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.
– Мы знаходзімся напярэдадні важнай падзеі – рэспубліканскага рэферэндума па змяненні Канстытуцыі нашай краіны, – адзначыў дэпутат. – І я хачу звярнуць вашу ўвагу на пытанні, якія найчасцей задаюць выбаршчыкі. Спачатку закрану новаўвядзенне ў выбарчай сістэме: цяпер выбары дэпутатаў розных узроўняў мяркуецца праводзіць у Адзіны дзень галасавання, што лічыцца мэтазгодным з пункту гледжання арганізацыйнай работы і фінансавых затрат. Таксама забараняецца фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і ажыццяўленне выбарчай кампаніі замежнымі краінамі, арганізацыямі і грамадзянамі. Цэнтральная выбарчая камісія будзе арганізоўваць выбары Прэзідэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых саветаў, дэлегатаў УНС, правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства.
Усебеларускі народны сход – орган не новы, аднак абноўленай Канстытуцыяй за ім замацоўваецца статус вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, закліканага вызначаць стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечваць непахіснасць канстытуцыйнага строю, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Максімальны састаў УНС – 1200 чалавек, у яго ўваходзяць дзеючы Прэзідэнт і Прэзідэнт, які спыніў свае паўнамоцтвы, прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, мясцовыя дэпутаты, грамадзяне. Рашэнні Усебеларускага народнага сходу стануць абавязковымі для выканання, змогуць адмяняць акты і рашэнні дзяржаўных органаў і адказных асобаў, калі яны супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі і заключэнням судовых органаў. У паўнамоцтвы УНС таксама ўвойдуць – зацвярджэнне асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі, ваеннай дактрыны, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Гэты орган зможа прапаноўваць змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю, правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, атрымае права разглядаць пытанне аб легетымнасці выбараў, уводзіць на тэрыторыі рэспублікі надзвычайнае становішча.
У новай рэдакцыі Канстытуцыі таксама з’явяцца такія паняцці, як захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, гістарычнай праўды і памяці аб подзвігах народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яна зацвердзіць асновы прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства.
Жаданні забяспечыць мір, дабрабыт грамадзян, незалежнасць і працвітанне Рэспублікі Беларусь, культурныя і духоўныя традыцыі стануць адной з апор беларускага народа. Яшчэ адно важнае на сучаным этапе дапаўненне – абарона ад незаконнага ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё і персанальных даных, – пералічыў асноўныя новаўвядзенні дэпутат.
Ацэньваючы развіццё краіны на сучасным этапе, Уладзімір Сіняк падкрэсліў, што, нягледзячы на ўведзеныя санкцыі і складаную знешне-палітычную сітуацыю, наша дзяржава знаходзіць магчымасць вырашаць важныя сацыяльныя пытанні і падтрымліваць сваіх грамадзян.
Пераключыўшыся на наш раён, дэпутат узгадаў імёны землякоў, якія нядаўна былі ўдастоены дзяржаўных узнагарод, і яшчэ раз падзякаваў ім за плённую работу на карысць краіны.
Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка падзякаваў Уладзіміру Аляксандравічу за цікавае выступленне.
На развітанне Уладзімір Сіняк павіншаваў прысутных са святамі, пажадаў землякам здароўя, удачы, дабрабыту, быць добрымі, паважаць і цаніць адзін аднаго.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga