6 студзеня прайшла сустрэча старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з жыхарамі аграгарадка Дварэц па тлумачэнні і абмеркаванні змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Старшыня райвыканкама пазнаёміў прысутных з калючавымі момантамі Асноўнага Закона нашай краіны, даў сваю ацэнку змяненням і дапаўненням, заклікаў да дыялога. Ён пазітыўна ацаніў новаўвядзенні, прапанаваныя ў раздзеле “Прэзідэнт, Усебеларускі народны сход, Парламент, Урад, Суд”:
– Вельмі слушная, на маю думку, прапанова наконт павышэння ўзросту і часу пастаяннага пражывання ў Беларусі для кандыдатаў у Прэзідэнты. Кіраўнік дзяржавы павінен быць мудрым, мець жыццёвы вопыт, прымаць узважаныя рашэнні і шчыра любіць сваю Айчыну. Не менш важная – гарантыя міру і стабільнасці ў нашай краіне.
Андрэй Садоўскі засяродзіў увагу на тым, што сёння мы перажываем сур’ёзны гістарычны момант: выбіраем курс далейшага жыцця краіны, а значыць, у інтарэсах кожнага быць актыўным на этапе абмеркавання і ўнясення прапаноў.
– Захаванне і эканамічнае развіццё дзяржавы, сацыяльныя гарантыі для грамадзян, абарона нацыянальнай памяці і пакаранне за яе прыніжэнне – усе гэтыя моманты хвалюючыя для кожнага з нас, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.
Перад прысутнымі выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, якая агучыла вынікі даследавання “Беларусь. Меркаванне аб будучыні”. Вольга Мікалаеўна нагадала, што выказаць сваё меркаванне па змяненні Асноўнага Закона Рэспублікі Беларусь можа кожны жыхар раёна, звярнуўшыся ў грамадскую прыёмную, на дыялогавую пляцоўку або самастойна даслаўшы ліст на нацыянальны электронны прававы партал або іншыя спецыялізаваныя рэсурсы. Графік іх работы і электронныя адрасы можна даведацца на сайце райвыканкама і газеты “Перамога”.
Напрыканцы сустрэчы Андрэй Садоўскі павіншаваў праваслаўных вернікаў з надыходзячым светлым днём Нараджэння Хрыстова, а прадстаўнікоў каталіцкай канфесіі – са святам Трох Каралёў.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga