У працоўных калектывах і з насельніцтвам нашага раёна прадаўжаюцца сустрэчы па тлумачэнні і абмеркаванні пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум.
Адну з іх з жыхарамі Жукоўшчынскага сельскага савета 6 студзеня правёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.
Увагу прысутных Аляксандр Станіслававіч засяродзіў на тым, што будучы рэферэндум ужо 4-ы ў гісторыі незалежнай Беларусі. Аб тым, што прыспявае неабходнасць унясення змяненняў у Асноўны Закон краіны размова вялася яшчэ некалькі гадоў таму, а на VI Усебеларускім народным сходзе задача была канчаткова акрэслена.
– Цяпер у нашай рэспубліцы актыўна праходзяць грамадскія абмеркаванні праекта Канстытуцыі. Кожны з вас пры жаданні мае права выказваць свае ідэі і заўвагі звяртаючыся ў грамадскія прыёмныя, на дыялогавыя пляцоўкі ці самастойна накіроўваючы заяўкі на нацыянальны электронны прававы партал і іншыя спецыялізаваныя рэсурсы, – патлумачыў старшыня райсавета.
Спыніўся Аляксандр Бараноўскі і на галоўных тэзісах праекта Канстытуцыі.
– Прынцыповай пазіцыяй з’яўляецца захаванне сацыяльнай скіраванасці дзяржаўнай палітыкі, абарона ўразлівых слаёў насельніцтва, – падкрэсліў ён. – Замацаваны таксама такія важныя паняцці, як абарона гістарычнай праўды і памяці, стабільнасць канстытуцыйнага строю, легітымнасць улады, устойлівасць прававой сістэмы.
З’явілася новая асобная глава, прысвечаная статусу і функцыям Усебеларускага народнага сходу. Гэты вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя будзе выконваць стабілізуючую і кансалідуючую функцыі ў грамадстве, гарантаваць пераемнасць і ўстойлівую сістэму органаў дзяржаўнай улады.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў агучыў і іншыя дапаўненні, заклікаў удзельнікаў сустрэчы азнаёміцца з праектам Асноўнага Закона ў сродках масавай інфармацыі і абавязкова паўдзельнічаць у рэферэндуме, бо ад яго вынікаў залежыць наша далейшае жыццё і лёс роднай краіны.
Напрыканцы размовы Аляксандр Бараноўскі расказаў, што ў 2021 годзе Дзятлаўшчына стабільна развівалася, аб чым сведчыць выкананы з прафіцытам раённы бюджэт, пабудаваныя і капітальна адрамантаваныя за год аб’екты, дасягненні прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
На развітанне ён павіншаваў землякоў з надыходзячымі святамі, пажадаў здароўя, дабрабыту, плённай працы і мірнага неба над галавой.
Такія ж сустрэчы Аляксандр Станіслававіч ужо правёў у Круцілавічах і Дварцы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga