Былых страхавых агентаў не бывае.
Нават праз гады на пенсіі іх можна пазнаць па агеньчыку ў вачах, задору і прыветлівасці. Напярэдадні стагадовага юбілею Белдзяржстраху сваімі ўспамінамі і гісторыямі дзеліцца адна з іх – Раіса Цітова.
Па нараджэнні – полька, па месцы жыхарства – руская, яна прыехала ў Беларусь у свядомым узросце, маючы прафесію ў руках. У Расіі зрабіла першыя крокі і поспехі ў страхавой справе, набыла рысы, неабходныя для сапраўднага страхавога агента.
– Ніколі не адступала ад сваёй мэты, магла наведваць чалавека не раз і не два, упэўніваючы, што застрахаваць новую машыну або матацыкл – гэта важна і неабходна. А калі здаралася бяда, нават самыя заўзятыя скептыкі дзякавалі мне за настойлівасць, – расказвае Раіса Міхайлаўна.
У прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Дзятлаўскім раёне жанчына адпрацавала дваццаць два гады, абслугоўвала сельскія населеныя пункты.
– Тады яшчэ не было зручнага транспарту. Даязджала бліжэй да месца прызначэння на аўтобусе, а далей пешшу. Атрымлівалася недзе па трыццаць кіламетраў на дзень.
Вяскоўцы, якія спачатку з асцярожнасцю прынялі бойкага, актыўнага страхавога агента, за гады працы сталі для яе сапраўднымі сябрамі. Раіса Міхайлаўна з цеплынёй узгадвае свой працоўны калектыў, дзе заўжды знаходзіла падтрымку ў працы і па-за ёю. Жанчына ўдзячная, што ўласную прыналежнасць да страхавой справы ёй не дае забыць сённяшняе кіраўніцтва філіяла, якое не абмінае ўвагай, фінансавай падтрымкай і падарункамі да святаў.
Ужо сямнаццаць гадоў Раіса Цітова на заслужаным адпачынку, за гады ні на ёту не страціла бадзёрасці і пазітыву. На пытанне, чым займаецца цяпер, жанчына толькі ўсміхаецца:
– Я, як у вершы Таццяны Бокавай “Бабуля на пенсіі”, адпачываю: гатую ежу, мыю і прасую бялізну, прыбіраю, унукаў даглядаю. Нават не зразумела, чаму часам стамляюся?..
Да прафесійнага свята страхавых работнікаў яна адрасуе ўсім, хто звязаны з гэтай справай, пажаданні здароўя, дасягнення ўсіх планаў і задумак, жыццёвай энергіі і добрага настрою.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga