Снежаньскі, але без снегу дзень. Гаспадарка “Хвінявічы”.
Хваляванне, госці, успышкі фотакамеры.
У юбілейны дзень нараджэння, Марыя Слушко, жанчына, якая для гэтага КСУПа і ўвогуле для ўсяго Дзятлаўскага раёна ўжо стала легендай, прымала віншаванні і ўзнагароды.
За добрасумленную працу, прафесіяналізм, высокія і якасныя паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне яна ўзнагароджана нагрудным знакам “За заслугі” Беларускага прафсаюза работнікаў АПК – найвышэйшай прафсаюзнай узнагародай у аграпрамысловай галіне.
Нагрудны знак, кветкі, грашовы дадатак ад раённых Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта ўручылі старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і першы намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка.
Марыя Сяргееўна, якая сёлета стала ўладальніцай звання “Чалавек года Гродзенскай вобласці”, – высакакласны спецыяліст, добры, спагадлівы чалавек. Удзячнасць ёй за працу, за неспакойную душу, за адданасць справе выказаў кіраўнік гаспадаркі Мікалай Бубноўскі. Далучыліся да віншаванняў калегі з КСУП “Хвінявічы”, сельгасупраўлення, старшыня Парэцкага сельсавета Аляксандр Ядэйка. Падарункі “сыпаліся” на юбілярку, як з “рагоў багацця”. Завіталі і госці з Ганаровымі граматамі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскага племпрадпрыемства. Як адзначылі генеральны дырэктар Гродзенскага племпрадпрыемства Пётр Каштэлян і яго намеснік па племянной працы Віталь Добрук, у жывёлагадоўлі няма выпадковых людзей, толькі тыя, каму любоў да жывёлы, да роднай зямлі даражэйшая за ўсё. Добрым спецыялістам у гэтай галіне можна назваць таго, хто ўмее знаходзіць агульную мову са сваімі падапечнымі, шчыра імкнецца стварыць для іх найбольш камфортныя ўмовы. І жыве, і працуе з незгасальным энтузіязмам, як Марыя Слушко.
Сяргей Шымановіч, начальнік упраўлення жывёлагадоўлі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама таксама гаварыў цёплыя словы пра нашу зямлячку, жадаў ёй моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, дастатку, светлага зямнога шчасця і аптымізму ў жыцці.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga