У райвыканкаме. Зімовыя клопаты сельскай гаспадаркі і “ліпавыя” сацработнікі

Важнае Улада

Прайшла штотыднёвая нарада ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, традыцыйна ў час якой былі разгледжаны арганізацыйныя пытанні, абмеркаваны актуальныя праблемы і пастаўлены задачы на бягучы тыдзень.

Кіраўнікі службаў раёна далажылі аб сітуацыі, якая склалася ў розных сферах і галінах.

Усё на сваіх месцах

На парадку дня работнікаў сельскай гаспадаркі стаяць пытанні рамонту тэхнікі, павелічэння надояў і якасці малака.

– З малаком добра складваецца ў тых гаспадарках, дзе “ўкладваюцца” ў дойны статак, напрыклад, як у КСУП “Хвінявічы”, – клапоцяцца пра кармы, закупляюць своечасова канцэнтраты, адпаведна маюць і надоі, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Усё залежыць ад кіраўніка, як умее арганізаваць людзей і размеркаваць фінансы.

У раёне ўзнята зябліва на ўсіх запланаваных участках, некаторыя гаспадаркі карыстаюцца спрыяльнымі ўмовамі надвор’я і аруць глебу – робяць, так бы мовіць, запас на вясну, актыўна займаюцца арганікай, падрыхтоўкай насення да сяўбы ў наступным годзе.

На мінулым тыдні прайшоў камісійны аб’езд пунктаў доўгатэрміновага захоўвання тэхнікі. На нарадзе першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка пракаменціраваў фотаздымкі, якія былі зроблены ў час агляду. Адзначыў, што ўсе сельгаспрадпрыемствы старанна, згодна з правіламі і патрабаваннямі, падышлі да пастаноўкі тэхнікі “на зімоўку”, ва ўсіх створаны ўмовы для яе рамонту, прыведзены ў належны стан памяшканні для работнікаў. Дзе зафіксавалі недахопы, па распараджэнні старшыні райвыканкама праз тыдзень будзе праверана, ці выправілася сітуацыя.

Больш заўвагаў у камісіі было да пляцовак па захоўванні другасных матэрыяльных рэсурсаў (шынаў і металалому) – складавацца і захоўвацца ўсё павінна таксама акуратна.

Аўтарытэт кіраўніка павінен быць бясспрэчны

Нягледзячы на тое, што вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі ў краіне ідзе ўжо даўно, многія людзі катэгарычна адмаўляюцца ад прышчэпак. І ўжо колькі на старонках раённай газеты “жывых” гісторый тых, хто не прышчапіўся і перахварэў з ускладненнямі, колькі побач, па-суседску мучыцца і памірае ад гэтай хваробы людзей, усё роўна чакаюць – “авось пранясе”. І кожная “ўспышка” ў працоўных калектывах, якая носіць масавы характар, дорага абыходзіцца прадпрыемствам і гаспадаркам. Кіраўнікам такіх структур прыходзіцца думаць, як не спыніць вытворчы працэс, бо эпідэмія “дабралася”, а вакцыніраваных “кот наплакаў”. Як паведаміла галоўны санітарны доктар Алена Шайбак, ёсць у раёне арганізацыі, дзе прышчэпленых работнікаў крыху больш за 10 %.

– Дзе кіраўнік у арганізацыі мае аўтарытэт, умее знайсці падыход да сваіх работнікаў, там і прадукцыйнасць працы заўсёды высокая, там і колькасць правакцыніраваных, дарэчы, таксама ад 75 % і вышэй, – адзначыў старшыня райвыканкама.

У чарговы раз на нарадзе Алена Вячаславаўна нагадала, што існуючыя вакцыны здольны абараніць ад цяжкага цячэння хваробы і нават смяротнага зыходу.

Іншыя тэмы коратка

Па лініі аддзелаў унутраных спраў і надзвычайных сітуацый асноўныя пытанні, якія былі абмеркаваны на нарадзе, – гэта з’яўленне ў раёне зламыснікаў, якія прадстаўляюцца сацыяльнымі работнікамі і прадаюць пажылым грамадзянам капеечную пасцельную бялізну за “шальныя” грошы, а таксама чарговы пажар з-за непатушанай цыгарэты, абышлося без ахвяраў.

****

Намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Васіль Мудры адзначыў, што па выніках адзінаццаці месяцаў гадавыя планы па здачы прадпрыемствамі і

арганізацыямі раёна другасных матэрыяльных рэсурсаў практычна выкананы.

****

У час акцыі “Апавяшчальнік – у кожны дом” былі абследаваны 432 домаўладанні, устаноўлены 35 АПІ. Работа па ўстаноўцы апавяшчальнікаў грамадзянам групы рызыкі будзе працягнута на Дзятлаўшчыне і па-за межамі акцыі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: