Ініцыятыўнасць, супрацоўніцтва, патрыятызм

Важнае Грамадства

На гэтых трох кітах сёння заснавана дзейнасць Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў.

У час штогадовага пленума, які прайшоў у райцэнтры, падвялі вынікі работы арганізацыі ў бягучым годзе і намецілі задачы на 2022-і.

Акрамя актыву ветэранскай арганізацыі, у пасяджэнні прынялі ўдзел спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар адзначыў, што для ўсіх ветэранскіх арганізацый Дзятлаўшчыны гэты год быў плённым і насычаным:

– У ходзе справаздачна-выбарчых сходаў і канферэнцый на 40 % быў абноўлены састаў прэзідыума раённага савета ветэранаў, на 20 % – старшыняў пярвічных ветэранскіх арганізацый, сфарміраваны працаздольны актыў, які можа паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы. Сёлета ветэраны прынялі ўдзел у мітынгах, шэсцях, прысвечаных падтрыманню міру і спакою на беларускай зямлі, канстытуцыйнага ладу нашай краіны.

У цэнтры ўвагі савета ветэранаў па-ранейшаму застаюцца інтарэсы пенсіянераў, якіх налічваецца ў нашым раёне 8682 чалавекі. Дзейнасць ветэранскіх арганізацый раёна была накіравана на павышэнне якасці жыцця людзей старэйшага пакалення. На жаль, пандэмія ўнесла свае карэктывы ў планы арганізацыі: яе кіраўніцтву давялося скараціць масавыя мерапрыемствы, размаўляць з ветэранамі пераважна па тэлефоне, аднак неабходная дапамога аказвалася ў поўным аб’ёме. Згодна з рашэннем райвыканкама № 33 ад 27 студзеня 2021 года быў праведзены комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні матэрыяльна-бытавога становішча адзінокіх грамадзян і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. На замену электраправодкі, рамонт пячнога ацяплення, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў 26 жыхарам раёна з раённага бюджэту было выдзелена 12 403 рублі.

Сёлета актыўна ішла работа па вакцынацыі ад COVID-19 сярод людзей пажылога ўзросту, прафілактычныя прышчэпкі атрымалі 76 % людзей, старэйшых за 60 гадоў.

Акрамя гэтага, пытаннямі для абмеркавання на пленуме сталі патрыятычнае выхаванне моладзі, будучы рэферэндум па прыняцці змяненняў у Канстытуцыю краіны, 35-я гадавіна з дня ўтварэння арганізацыі і планы па яе правядзенні, культурнае жыццё пажылога насельніцтва раёна і іншыя.

Сёння раённы савет ветэранаў – актыўная дзейсная структура, якая супрацоўнічае з арганізацыямі і аб’яднаннямі раёна: Цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва, раённым камітэтам БРСМ, раённай арганізацыяй Таварыства Чырвонага Крыжа, аддзеламі раённага выканаўчага камітэта, прафсаюзнымі арганізацыямі, газетай “Перамога”. На Дзятлаўшчыне функцыянуюць клубы па інтарэсах, творчыя калектывы (самы вядомы з іх – “Ветэраны ў страі”), валанцёрскія групы ўзаемнай дапамогі.

Ветэраны робяць вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі: праводзяць сустрэчы, удзельнічаюць у раённых мерапрыемствах (бліжэйшае з іх – акцыя “Нашы дзеці”), абменьваюцца ідэямі і рэалізуюць іх.

Абмеркаванне метадаў і форм работы выклікала актыўную палеміку сярод прысутных. Па меркаванні старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі раённага ваеннага камісарыята Валянціна Абухава, самым важным застаецца знаёмства моладзі з праўдзівай інфармацыяй аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

– Усё менш застаецца сярод нас ветэранаў вайны, аднак па-ранейшаму актыўна вядзецца пошукавая работа, а ў кніжных фондах захавалася нямала мемуараў, напісаных са слоў жывых сведкаў тых падзей, – адзначыў Валянцін Аляксеевіч. – Яны дапамогуць падрастаючаму пакаленню даць аб’ектыўную ацэнку гістарычным падзеям, якія адбываліся ў нашым раёне і краіне.

Ён станоўча ацаніў з’яўленне на Дзятлаўшчыне турыстычных маршрутаў па матывах подзвігаў нашых землякоў у час Вялікай Айчыннай вайны.

У ходзе размовы старшыня савета ветэранаў Міхаіл Губар заўважыў, што ўдзельнікі ветэранскай арганізацыі раёна збіраюцца актыўна ўдзельнічаць у рэферэндуме, які пройдзе ў нашай краіне ў лютым:

– Ветэраны Дзятлаўшчыны падтрымліваюць палітыку беларускай дзяржавы і ў будучым годзе прадоўжаць патрэбную грамадству і краіне стваральную дзейнасць у гэтым напрамку. Яны будуць ісці ў авангардзе грамадска-палітычных сіл рэспублікі і зробяць пасільны ўклад у падтрыманне моцнай квітнеючай Беларусі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga