На Дзятлаўшчыне спецыялісты сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда і Наталля Калодка сумесна са старшым навуковым супрацоўнікам мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея Аленай Абрамчык правялі азнаямленчы тур па прывабных мясцінах і турыстычных аб’ектах раёна для работнікаў санаторна-аздараўленчых установаў “Радон” і “Альфа Радон”.
Нягледзячы на марозны дзень, прадстаўнікоў здраўніц пазнаёмілі з памятнымі месцамі як у горадзе Дзятлаве, так і за яго межамі на тэрыторыі зецельскага краю. Турыстычная група пабывала на плошчы 17 Верасня, наведала касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, абеліск Славы, даведалася пра гераічны ўчынак “дзятлаўскага Сусаніна” – Іосіфа Філідовіча. Таксама азнаямленчы маршрут пралягаў праз мемарыяльны комплекс “Дзеці ліхалецця”, размешчаны на гарадскіх могілках. Больш падрабязна пра страшны лёс дзяцей камуністаў-палітэмігрантаў, якія ў чэрвені 1941 года прыехалі адпачываць у піянерскі лагер, прадстаўнікам санаторыяў расказалі ў народным музеі “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы. Наступным пунктам маршруту быў аграгарадок Дварэц, дзе ўвазе работнікаў санаторна-аздараўленчых установаў прадставілі касцёл Божага Цела і магілу ў выглядзе анёла Апалінарыі Пратасевіч і яе дзяцей.
Завяршыўся тур сюжэтна-гульнявой праграмай “Як у нас на кірмашы” на базе Дварэцкага дома культуры. Прадстаўленне арганізавалі артысты народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі”.
Госці ўдзельнічалі ў конкурсах, слухалі народныя песні, спрабавалі традыцыйныя беларускія стравы, з цікавасцю назіралі за пляценнем кошыкаў з лазы, знаёміліся з гісторыяй і дасягненнямі аднаго з зецельскіх мястэчак.
Пасля захапляльнага падарожжа па цікавых мясцінах і турыстычных аб’ектах нашага раёна прадстаўнікі дзятлаўскіх здраўніц падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Загадчык аддзела культурна-масавай работы санаторна-аздараўленчай установы “Радон” Захар Раманаў:
– Азнаямленчы тур мне вельмі спадабаўся. Асабліва запомнілася сюжэтна-гульнявая праграма, якая папулярызуе беларускую вёску і дазваляе пранікнуцца мясцовым каларытам. Нас сустрэлі гасцінна. Артысты добрыя і ветлівыя. Адразу відаць, што рабілі ўсё ад чыстага сэрца. Конкурсы не далі нікому змерзнуць, а гэта вельмі важна, калі на вуліцы “гаспадарыць” зіма. Таксама было цікава паслухаць аб касцёле ў Дварцы, кранула за душу гісторыя маленькіх палітэмігрантаў, у якіх вайна адабрала дзяцінства. Мне здаецца, што сённяшні маршрут спадабаўся б як айчынным, так і замежным турыстам. Яны б змаглі не толькі ўбачыць і пачуць шмат цікавага аб дзятлаўскім краі, але і прыняць удзел у тэматычных конкурсах і гульнях, пакаштаваць стравы беларускай кухні, сваімі рукамі зрабіць сабе сувенір з лазы, увогуле, пазнавальна і весела правесці час. Несумненна, дадзены тур варта прапаноўваць. Будзем наладжваць супрацоўніцтва з яго арганізатарамі.
Начальнік аддзела вольнага часу санаторна-аздараўленчай установы “Альфа Радон” Людміла Дубілей:
– Мяне вельмі кранула гісторыя Дзятлаўшчыны перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Мне здаецца, што народны музей “Дзеці ліхалецця” не пакіне нікога абыякавым. Шчыра кажучы, упершыню пачула пра Іосіфа Філідовіча, не ведала, што ў раёне быў такі чалавек. І сапраўды, наша зямля поўная герояў. Тэма вайны заўсёды актуальная. Мы ніколі не павінны забываць пра той страшны час. У адпачывальнікаў будзе магчымасць не толькі скарыстацца лячэбна-аздараўленчымі паслугамі, але і даведацца многа цікавага і пазнавальнага. Яшчэ адным плюсам азнаямленчага маршруту з’яўляецца яго блізкасць: турыстам не прыйдзецца марнаваць шмат часу на дарогу, як гэта бывае пры паездках у Нясвіж або Гродна. Пасля сённяшняга падарожжа я зразумела, што Дзятлаўшчына – гэта выдатныя мясціны, памятныя падзеі, якія раскрываюць багаты гісторыка-культурны патэнцыял краю. З задавальненнем прапанавала б дадзены тур гасцям нашай здраўніцы. Спадзяюся на плённае супрацоўніцтва з сектарам спорту і турызму.
Варта адзначыць, што работнікам санаторна-аздараўленчых установаў была раскрыта толькі нязначная частка турыстычнага патэнцыялу Дзятлаўскага раёна. Пры гэтым улічваліся рэжымныя моманты здраўніц. Па меры з’яўлення новых аб’ектаў і маршрутаў практыка правядзення азнаямленчых тураў для прадстаўнікоў мясцовых санаторыяў будзе працягнута.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga