Cвой 30-гадовы юбілей адзначла адно з буйнейшых грамадскіх аб’яднанняў нашай краіны – “Беларускі саюз жанчын”.
Сімвалічна, што заснавана жаночая арганізацыя ў 1991 годзе, калі пачыналася станаўленне нашай рэспублікі, і ўсе тры дзесяцігоддзі ўдзельніцы аб’яднання крочаць у нагу з роднай Беларуссю, скіроўваючы свае сілы і энергію на яе развіццё.
Сёння Беларускі саюз жанчын аб’ядноўвае больш за 140 тысяч прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, дзейнасць якіх скіравана на кансалідацыю беларусак, гарманізацыю розных сфер жыцця, выхаванне падрастаючага пакалення, захаванне сямейных каштоўнасцей. За 30 гадоў актывісткі арганізацыі змаглі даказаць: ім па плячы любая задача, яны шчыра выступаюць за ўдасканаленне нашага грамадства, падаючы асабісты прыклад маладому пакаленню.
Неад’емнай часткай моцнай і аўтарытэтнай Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” з’яўляецца Дзятлаўская раённая арганізацыя, якая налічвае 1355 удзельніц, аб’яднаных у 38 пярвічак.
Напярэдадні святочнай даты мне, як цяперашняй старшыні, хочацца сказаць самыя цёплыя словы пра нашых ветэранаў, тых, хто стаяў ля вытокаў раённага жаночага руху. Гэта Ніна Ганчарова, Сабіна Брузго, Алена Фабішэўская, Галіна Чура, Алена Жадзейка. Усе яны – ініцыятыўныя, мэтанакіраваныя, неабыякавыя да чужых праблем людзі.
Больш за 20 гадоў узначальвала нашу раённую арганізацыю Галіна Мікалаеўна Чура. У 2011 годзе ў намінацыі “За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці” ёй было прысвоена званне “Жанчына года Рэспублікі Беларусь”. Галіна Мікалаеўна да гэтага часу з’яўляецца “Ганаровай старшынёй” раённага аб’яднання.
“Мы – жанчыны, а значыць, мы ў адказе, за смех дзяцей і шчасце старых людзей,” – так гучаць словы гімна Беларускага саюза жанчын, якія адлюстроўваюць асноўнае прызначэнне нашай жаночай арганізацыі і ўсіх яе ўдзельніц. Мы разам, каб як мага менш было праблем у адзінокіх пажылых людзей, хворых і нямоглых землякоў, каб часцей смяяліся дзеці. Мы, жанчыны, стараемся як мага больш надаваць ім увагі. І за многія гады работы Беларускі саюз жанчын стаў не проста арганізацыяй, а дружнай жаночай сям’ёй-берагіняй, якая па першым закліку адгукваецца на праблемы людзей і ў любы момант прыходзіць ім на дапамогу.
Галоўным у сваёй рабоце мы лічым правядзенне канкрэтных практычных мерапрыемстваў, якімі стараемся ахапіць усе сферы жыццядзейнасці. Напрыклад, сумесна з органамі сацыяльнай абароны клапоцімся аб адзінокіх састарэлых жыхарах раёна, ветэранах вайны і працы. Падтрымліваем насельнікаў інтэрната для псіханеўралагічных хворых, што ва ўрочышчы Рандзілаўшчына, у аддзяленне кругласутачнага знаходжання для адзінокіх пажылых грамадзян пры Казлоўшчынскай бальніцы, Гезгалаўскую бальніцу сястрынскага догляду, дом самастойнага сумеснага пражывання перадаём адзенне, памперсы, пачастункі, арганізоўваем канцэрты. Да Дня Перамогі штогод ушаноўваем нашых ветэранаў, у памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўскладаем кветкі да мемарыялаў і месцаў пахавання. Штогод не толькі раённая арганізацыя, але і кожная пярвічка далучаецца да акцый “Збяром дзяцей у школу”, “Дом без гвалту”. Актыўны ўдзел наша раённая арганізацыя прыняла ў рэспубліканскім форуме “Жанчыны за Беларусь!”, дзе размова ішла аб галоўным – мы за мір, стабільную і незалежную Беларусь. Сярод прыярытэтных кірункаў нашай дзейнасці ёсць яшчэ адзін – “Жанчыны за моцную, здаровую сям’ю”, таму традыцыйным стаў удзел БСЖ у раённым фестывалі сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”.
Гэта не ўся скарбонка добрых спраў аб’яднання. Мы адгукнуліся і на заклік рэспубліканскай жаночай арганізацыі падтрымаць медыкаў. У рамках акцыі “Марафон падтрымкі” на рахунак Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы былі пералічаны грашовыя сродкі. Актыўна жанчыны раёна ўдзельнічаюць у навагодніх акцыях “Нашы дзеці”, “Рабі дабро”, дорачы радасць і святочны настрой не толькі дзецям, але і ветэранам вайны і працы, адзінокім пажылым грамадзянам.
Крыху ўвагі, крыху ўдзелу – і жыццё напаўняецца сэнсам і цудамі, у якія так хочацца верыць, а калі верыш, яны абавязкова спраўджваюцца, асабліва калі мы самі прыкладаем для гэтага намаганні, становімся добрымі чараўнікамі.
Дзякую вам, дарагія сяброўкі, за яркія творчыя ідэі, самааддачу, за ўвагу і работу, якая забірае нямала часу і сіл, за ваша цярпенне, актыўнасць, неабыякавасць. Са святам, дарагія, з 30-годдзем!
Алена ВАСКЕЛЬ,
старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА БСЖ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga