У чацвер валанцёры Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” ужо другі раз працавалі ў крызісным цэнтры на беларуска-польскай граніцы.
Уражаннямі ад чарговай паездкі падзялілася старшыня раённага жаночага аб’яднання Алена Васкель:
– Клопат пра жанчын і дзяцей застаецца першачарговай задачай для нашай арганізацыі. Ужо больш за месяц бежанцы знаходзяцца на беларуска-польскай граніцы. Колькі ім яшчэ чакаць калідора ў Еўропу, невядома. І гэта невядомасць палохае.
Скаардынавана і зладжана з першых дзён з бежанцамі працуюць прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, ваенныя і валанцёры грамадскіх аб’яднанняў нашай краіны.
Мы таксама ў спецыяльна абсталяваных пунктах дапамагалі ў раздачы ежы: гарачага чаю на сняданак, прадуктовых набораў і кашы ў абед. Людзі стаміліся ад такога жыцця, і калі ты працягваеш ім звычайную шклянку чаю, глядзяць на цябе з вялікай удзячнасцю. Большасць бежанцаў гавораць “дзякуй” на англійскай мове, але ёсць і тыя, хто ўжо вывучыў ветлівыя словы па-руску.
Нашы валанцёры суправаджалі ў палявую лазню жанчын і дзяцей, каардынавалі работу гэтага аб’екта ўнутры – раздавалі ручнікі і прасціны. Прыемна было назіраць, як жанчыны-дзятлаўчанкі клапатліва, па-мацярынску ставяцца да дзяцей бежанцаў: то шапку ім надзенуць, то куртку зашпіляць – чужых дзяцей не бывае.
Я адчувала, як беларускі народ аб’яднаўся вакол праблем гэтых людзей, і ў мяне дадавалася гонару за нас, беларусаў. Міласэрнасць і спагада закладзены ў нашых генах, таму мы не можам застацца раўнадушнымі і абыякавымі.
Ірына СТЫРНІК