На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца чарада навагодніх мерапрыемстваў і ранішнікаў у рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.
Гэтым разам казка завітала ў госці да дзетак з абмежаванымі магчымасцямі.
Ва ўтульнай, па-святочнаму аздобленай зале сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава сабраліся маленькія госці ў карнавальных касцюмах разам са сваімі бацькамі і выхавальнікамі, каб ад душы павесяліцца, патанцаваць вакол навагодняй ёлкі і запаліць на ёй агні.
Павіншаваць малечу з надыходзячымі святамі прыйшлі дарослыя – прадстаўнікі ўлады, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў раёна.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік пажадаў дзецям і іх бацькам моцнага здароўя, міру і спакою ў дамах, а таксама вясёлых сустрэч.
– Салодкія падарункі ад Дзятлаўскага райвыканкама ўжо чакаюць вас у мяшку Дзядулі Мароза, – паабяцаў Дзмітрый Расціслававіч.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус нагадала прысутным, што рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” ўжо больш за чвэрць стагоддзя.
– Дзякуючы гэтай акцыі, часцінку дабра і клопату атрымліваюць усе тыя, хто сапраўды ў гэтым мае патрэбу. Кожнае дзіця – маленькі цуд у гэтым свеце, і мы, дарослыя, зробім усё, каб з вашых вуснаў не сыходзілі шчаслівыя ўсмешкі. Здароўя вам усім, шчырыя словы ўдзячнасці бацькам і педагогам за клопат і цярпенне, – зазначыла Наталля Сяргееўна.
Да слоў віншавання далучыліся галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская, начальнік упраўлення па працы занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. Па традыцыі яны прыйшлі з падарункамі для раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Свята атрымалася дружным і радасным: з задорнымі танцамі, вясёлымі карагодамі, цікавымі гульнямі і мноствам падарункаў, якія чароўным чынам з’яўляліся з навагодняга мяха. Дзеці і іх бацькі сталі сапраўднай камандай: яны правялі “спецаперацыю” па выратаванні Дзеда Мароза, ад душы павесяліліся з ім і нават паўдзельнічалі ў флэш-мобе разам з роставымі лялькамі. Напрыканцы свята дзеці расказалі навагодняму чараўніку вершы, атрымалі куфэркі з цукеркамі і добры настрой на новы 2022 год.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga