Тэмы павелічэння надояў і якасці малака, падрыхтоўкі да зімовых святаў, вакцынацыі ад каранавірусу і грыпу, работы аглядавых камісій, учыненых злачынстваў гучалі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама.
Сельская гаспадарка не спіць
У сельскай гаспадарцы – час вонкавага зацішша. Не гудуць у палях камбайны і трактары, здаецца, адпачываюць нашы гаспадаркі і бясконца пералічваюць заробленыя грошы. Між тым, як адзначалася на нарадзе, кіпіць работа: праводзіцца рамонт тэхнікі, заказваюцца неабходныя запасныя часткі, поўным ходам ідзе падрыхтоўка насеннага матэрыялу да веснавой пасяўной кампаніі, складаюцца агранамічныя карты і планы севазваротаў.
Што ж тычыцца галіны жывёлагадоўлі, то тут перапынкаў наогул няма. Расцёл кароў, выдача кармоў, іх аналіз на ўтрыманне пажыўных рэчываў, разлік рацыёнаў, хваробы жывёл – уся праца застаецца напружанай.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што адбылося зніжэнне прадуктыўнасці дойнага статку ў дзвюх гаспадарках раёна (“Войневічы” і “Граніт-Агра”).
– Гэта не слабыя гаспадаркі, тут аператыўна можна выправіць сітуацыю, – зрабіў заўвагу Андрэй Садоўскі і паставіў пытанне на кантроль свайму першаму намесніку, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталію Шулейку.
Таксама на кантролі знаходзіцца рамонт энерганасычаных трактароў у падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ.
Камусьці месяц няправільна свеціць
Працягнуў тэму сельскай гаспадаркі, але па фактах, якія датычацца крымінальнага кодэкса, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль. У адным з КСУПаў раёна адказныя за падачу і рэгістрацыю афіцыйных даных па вазе буйной рагатай жывёлы за два месяцы “прыпісалі” ліпавыя пару дзясяткаў тон вагі. Зразумела, справай займаецца аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю.
Таксама Аляксандр Біль заўважыў, што на Дзятлаўшчыне на мінулым тыдні рэзка павялічылася колькасць сямейна-бытавых злачынстваў, пагроз жыццю, катаванняў. Што справакавала, складана сказаць, але ў большасці выпадкаў алкаголь – галоўны суправаджальнік бытавой панажоўшчыны.
Па лініі ратаўнікоў на кантролі застаецца абследаванне домаўладанняў, вытворчых будынкаў з пячным ацяпленнем, клопат у перыяд маразоў пра пажылых, якія жывуць адзінока.
У мэтах павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва з 4 па 12 снежня праходзіць акцыя па папярэджанні гібелі людзей ад пажараў “Апавяшчальнік – у кожны дом”.
– Трэба падключыцца да гэтай акцыі прадпрыемствам раёна, сельскім гаспадаркам, грамадскім аб’яднанням і аказаць спонсарскую дапамогу для закупу апавяшчальнікаў, каб у рамках акцыі ратаўнікі маглі ўстанавіць іх грамадзянам групы рызыкі, – прапанаваў старшыня райвыканкама. – Колькі жыццяў АПІ ўжо выратавалі? Нельга гэта ігнараваць.
Іншыя тэмы коратка
Колькасць зваротаў грамадзян у службу “Адно акно” і на прамыя лініі, прыёмы грамадзян сёлета знізілася ў раёне на 12 %.
****
У гэтым годзе плануецца заліць два лядовыя каткі – у Дзятлаве і Наваельні, наладзіць лыжныя трасы з пракатам адпаведнага інвентару. Застаецца дачакацца неабходнай мінусавой тэмпературы, ступені прамярзання глебы і мінімальна дапушчальнага пласту снегу.
****
26 аб’ектаў праверылі спецыялісты Дзятлаўскага райЦГЭ на выкананне санітарна-эпідэміялагічных нормаў, на 19 зафіксаваны парушэнні.
****
Завяршаюцца работы па раёне па зносе струхнелых будынкаў, згодна з планам работ на 2021 год.
****
Вакцынацыя супраць грыпу і каранавірусу па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагі медыцынскіх работнікаў. Неабходная колькасць прышчэпленых для фарміравання ў раёне калектыўнага імунітэту яшчэ не дасягнута.
****
Актуальнае пытанне – падрыхтоўка да навагодніх і калядных святаў: упрыгожванне горада, фасадаў будынкаў і ўстановаў, светлавое афармленне, напаўненне аб’ектаў гандлю адпаведным асартыментам.
– Усё гэта стварае святочную атмасферу і настрой. Мы павінны самі стварыць гэты святочны настрой, бо ад намаганняў кожнага залежыць агульны вынік, – заўважыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga