Людзі не заўсёды задумваюцца пра такія важныя нюансы, як фактары, якія ўплываюць на памер будучай пенсіі.
Жаданне зарабіць больш грошай ужо цяпер – нармальнае. Пытанне ў тым, якім шляхам чалавек імкнецца папоўніць свой бюджэт. Калі за кошт зарплаты “ў канверце”, якую прапаноўвае наймальнік, не згаджайцеся. Чаму? Тлумачэнні на гэты конт дае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.
– Памер пенсіі па ўзросце залежыць ад стажу работы і заработнай платы да назначэння пенсіі. Права на працоўную пенсію па ўзросце і за выслугу гадоў залежыць ад наяўнасці страхавога стажу вызначанай працягласці. У 2021 годзе – гэта 18 гадоў. Штогод мінімальны страхавы стаж павялічваецца на 6 месяцаў і ў 2025 годзе дасягне 20 гадоў. Толькі выплачваючы абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт фонду з афіцыйных сумаў заработнай платы, работнік можа разлічваць на атрыманне пенсіі і сацыяльную абарону.
Заработная плата “ў канверце” пазбаўляе работніка пэўных ступеняў яго сацыяльнай абароны і, у першую чаргу, гэта тычыцца пенсіі, бо пенсія налічваецца чалавеку, зыходзячы з той заработнай афіцыйнай платы, якую атрымлівае работнік у працэсе сваёй працоўнай дзейнасці, а менавіта з той часткі заработнай платы, якая афіцыйна занесена ў плацёжную ведамасць.
Далёка не кожны грамадзянін, атрымліваючы грошы “ў канверце”, бачыць зваротны бок медаля, бо пры афармленні пенсіі ў работнікаў узнікаюць складанасці:
па-першае, не будуць залічаны ў стаж работы тыя перыяды працоўнай дзейнасці, на працягу якіх не ажыццяўлялася выплата страхавых узносаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні;
па-другое, пры падліку памеру пенсіі будуць улічаны толькі тыя сумы заробку, з якіх выплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы. І, тэарэтычна, у работніка застанецца толькі права ў судовым парадку спагнаць шкоду з наймальніка.
Выплачаная неафіцыйна заработная плата адаб’ецца і на памеры сацыяльных выплат у выпадку ўзнікнення праблем са здароўем. Работнік не атрымае аплату бальнічнага ліста па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, або атрымае толькі з разліку афіцыйнай фактычнай заработнай платы.
Такім чынам, атрыманне зарплаты “ў канверце” адмоўна ўплывае не толькі на даход бюджэта фонду, са сродкаў якога выплачваюцца пенсіі і дапамогі, але і ў першую чаргу на самога грамадзяніна, які працуе.
Будучыня кожнага работніка, перш за ўсё, у яго асабістых руках! Яму вырашаць, атрымліваць афіцыйную заработную плату ці заработную плату “ў канверце” і заставацца сацыяльна неабароненым, пазбаўляючы сябе права атрымліваць сацыяльныя выплаты і дастойную пенсію на заслужаным адпачынку.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga