У райвыканкаме абмеркавалі перспектывы турызму на Дзятлаўшчыне

Важнае Спорт і турызм

Дзятлаўскі раён мае багаты патэнцыял для развіцця і прыбытковасці разнастайных сфераў турызму.

Як правільна выкарыстоўваць каштоўныя рэсурсы і хто аб гэтым паклапоціцца, абмеркавалі ў час чарговага пасяджэння міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме, якое прайшло ў райвыканкаме. У ім прынялі ўдзел кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.

Развіццё турызму ў раёне – гэта клопат не толькі спецыялізаванага аддзела, але ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў, – гэта пазіцыя старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэя Садоўскага стала лейтматывам сустрэчы, якая прайшла пад знакам Года народнага адзінства.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня савета, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч анансаваў праграму абмеркавання: сумесна прааналізаваць вынікі работы па развіцці турызму ў 2021 годзе і намеціць план работы на наступны год.

Сёння, калі з-за пандэміі каранавірусу межы краін закрытыя, усё большую актуальнасць набывае ўнутраны турызм. Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда прадставіў напрацоўкі, рэалізаваныя сёлета на Дзятлаўшчыне. Акцэнт быў зроблены на экалагічны турызм, актыўныя віды адпачынку і нацыянальна-культурнае багацце раёна. Сярод ужо рэалізаваных мерапрыемстваў – адкрыццё новых вела- і байдарачных маршрутаў, устаноўка элементаў турыстычнай навігацыі і ўключэнне аграсядзібаў раёна ў новыя маршруты.

У дапаўненне тэмы Андрэй Садоўскі адзначыў, што актуальным і запатрабаваным для дзятлаўчан будзе развіццё прамысловага турызму, даручыў актыўна працаваць у гэтым напрамку.

Флагманамі турыстычнай галіны раёна застаюцца санаторыі “Радон” (ААТ “Белаграздаўніца”) і “Альфа Радон” (ТАА “Торвлад”). Здраўніцы-суседкі адрозніваюцца ў падыходах да аказання турыстычных паслуг кліентам. Калі для першых краевугольным каменем з’яўляецца аздараўленне наведвальнікаў, то другія робяць стаўку на камфорт кліентаў і апярэджванне іх чаканняў. Абодва санаторыі адкрытыя для супрацоўніцтва з турыстычнымі структурамі раёна. На Дзятлаўшчыне ёсць чым зацікавіць не толькі беларусаў, але і гасцей з-за мяжы, лічаць кіраўнікі санаторыяў Леанід Карпішэвіч і Валянціна Галоўчанка.

Візітнай карткай раёна можа стаць і Ліпічанская пушча, партызанскі край з багатай гісторыяй і прыродай, размешчаны на тэрыторыі трох раёнаў. Работа ў гэтым напрамку распачалася сёлета пры актыўным удзеле Дзятлаўскага лясгаса: былі закуплены веласіпеды для веламаршрута і створаны месцы адпачынку на ім. Кіраўнік раёна даручыў прадоўжыць гэту работу і папоўніць матэрыяльную базу турыстычнага аб’екта.

Прывабіць турыстаў у Дзятлаўскі раён можна адметнасцямі, гісторыяй, культурай. А затрымаць увагу і скласці добрае ўражанне – чысцінёй, зручнымі бытавымі ўмовамі, даступнасцю і якасцю грамадскага харчавання. Выпіць кубак кавы з бутэрбродам раніцай, размясціцца ў зручным утульным нумары з «вайфаем», атрымаць своечасовую медыцынскую дапамогу пры неабходнасці – той мінімум, які павінен быць даступны кожнаму турысту. За гэтымі простымі на першы погляд рэчамі – работа не адной арганізацыі раёна.

У якасці прапановы да дырэктара Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалая Гародкі, які выступаў па тэме, прагучала пажаданне актыўна рэкламіраваць стравы нацыянальнай кухні, якія гатуюцца ва ўстановах грамадскага харчавання раёна.

Намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева дала добрую ацэнку развіццю турыстычных паслуг на Дзятлаўшчыне і шэраг слушных парадаў па далейшай рабоце ў гэтым напрамку.

– Турыстычныя паслугі павінны быць даступныя і зразумелыя, у гэтым выпадку яны будуць эфектыўнымі і прыбытковымі, – адзначыла Таццяна Аляксандраўна.

Яна паабяцала, што на 2022 год Дзятлаўскі раён будзе ўключаны ў праграму развіцця турызму Гродзенскай вобласці, атрымае актыўную рэкламную і інфармацыйную падтрымку.

– Каб быць гатовымі да наступнага турыстычнага сезона, актыўна працаваць трэба ўжо сёння, – падвёў вынік пасяджэння Андрэй Садоўскі. – Плённай работы ў гэтым напрамку чакаю ад усіх зацікаўленых арганізацый.

Кіраўнік раёна запрасіў членаў камісіі і ўдзельнікаў пасяджэння пратэсціраваць турыстычныя маршруты Дзятлаўшчыны, каб ацаніць іх.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: