Служы дастойна, сынок!

Важнае Грамадства

20 лістапада ў воінскіх часцях і злучэннях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прысягу на вернасць Айчыне прынялі салдаты новага папаўнення.

Сярод іх – нашы землякі, дзятлаўчане. Гэту ўрачыстую і хвалюючую падзею з імі раздзялілі родныя людзі.

Радавалася і ганарылася сваім дарослым сынам мама салдата тэрміновай службы Таццяна Максімчык. Яе сын Яўген – выпускнік гімназіі № 1 горада Дзятлава. Ён атрымаў спецыяльнасць інжынера-канструктара ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, які скончыў сёлета. Па размеркаванні працаваў у Мінску, адкуль быў прызваны ў рады абаронцаў Айчыны. Ужо тры тыдні малады чалавек служыць у роце сувязі вайсковай часці 41780 у Гродне, дастойна выконваючы свой абавязак.

– Як і для любой мамы, для мяне пачуць воінскую прысягу сына было вельмі кранальна і хвалююча. Жэня чытаў услых словы клятвы перад строем, пасля чаго яму паціснуў руку і павіншаваў як сапраўднага абаронцу Айчыны памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Я вельмі чакала сустрэчы з сынам! Заўважыла, як за тры тыдні памяняўся мой хлопчык: з’явілася выпраўка, ён узмужнеў, стаў сапраўдным мужчынам. Памяняліся нават яго адносіны да матулі: здаецца, у гэты момант ён па-сапраўднаму зразумеў усе пачуцці, перажыванні і клопат, якія я давала яму ўсё жыццё. Няхай служыць дастойна сынок, няхай неба над намі будзе мірным. Мы ж будзем спакойна жыць і чакаць яго дадому.

Павіншаваць Яўгена Максімчыка з прыняццем прысягі прыехаў яго сябар Дзмітрый Грыцук. Ён рады за свайго таварыша і ганарыцца ім:

– Жэня знаходзіўся побач у мой самы галоўны дзень, калі я жаніўся. Сёння я прыехаў падтрымаць і павіншаваць з важнай падзеяй у яго жыцці. Лічу, што служба ў арміі – гэта не толькі абавязак маладых людзей, але і гонар ад таго, што сёння на варце міру і спакою роднай зямлі знаходзішся ты сам. Жадаю салдату загартаваць характар, выхаваць сілу волі, стаць мужным і знайсці тут сапраўдных сяброў.

Наталля АВЯРЧУК
Фота з сямейнага архіву Максімчыкаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga