Раіса Альшэўская: “У мяне вельмі актыўны характар”

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Нямала на Дзятлаўшчыне адметных мясцін, наведаць іх і пазнаёміць нас з цікавымі землякамі ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” імкнуцца работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

На гэты раз дарога Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук, Марыны Варган ляжала ў аграгарадок Таркачы, дзе яны сустрэліся з паважаным чалавекам – мясцовай старастай Раісай Альшэўскай.

Жыхары Таркачоў, ды і іншых населеных пунктаў сельсавета, а таксама гарадскога пасёлка Наваельня, ведаюць Раісу Канстанцінаўну яшчэ і як вопытнага фельчара, бо прафесійны стаж жанчыны даўно перасягнуў палову жыцця. Медык па закліку душы, мясцовая актывістка, згадзілася расказаць гасцям, як ёй удаецца сумяшчаць работу і грамадскую нагрузку.

– У мяне вельмі актыўны характар, і я не ўяўляю свайго жыцця без стасункаў з людзьмі, – прызнаецца Раіса Канстанцінаўна. – Мяркую, за гэта жыхары аграгарадка ў свой час выбралі мяне старастай. Яшчэ я даволі строгая і патрабавальная, магчыма і гэтыя якасці дапамагаюць спраўляцца з праблемамі вяскоўцаў, арганізоўваць насельніцтва на добрыя справы. Сярод пытанняў, якія даводзіцца вырашаць пры цеснай падтрымцы старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ганны Жых, – забеспячэнне палівам неабароненых катэгорый насельніцтва, добраўпарадкаванне аграгарадка і парка, вырашэнне праблем адзінокіх пажылых людзей, многія іншыя. Радуе, што нашы вяскоўцы адгукваюцца на карысныя прапановы. Напрыклад, за апошнія гады, дзякуючы ініцыятыўнасці саміх таркачоўцаў, якія сабралі грошы, і намаганнямі Данілавіцкага сельвыканкама, на мясцовых могілках былі выдалены дрэвы, цяпер можна не баяцца, што пры ўзмацненні ветру, зламаныя галіны паб’юць помнікі. Сумленна адносяцца землякі і да ўтрымання асабістых прысядзібных участкаў, таму пры наведванні аграгарадка многія госці звяртаюць увагу на цікавае афармленне падворкаў і прымацаваныя шыльдачкі “Дом узорнага парадку”, – пералічвае Раіса Альшэўская.

Сёння ў гэта слаба верыцца, аднак лёс мог і не прывесці Раісу Канстанцінаўну на Дзятлаўшчыну. Па словах жанчыны, яе бацькі (расіянка і беларус) пазнаёміліся ў Германіі, куды ў час вайны былі вывезены на прымусовыя работы. Пасля вызвалення, маладая сям’я вярнулася на Радзіму жонкі – у Растоў-на-Доне. Толькі праз некаторы час яны вырашылі абраць пастаянным месцам жыхарства малую радзіму мужа – вёску Явар, дзе і нарадзілася Раіса. Там яна скончыла 8 класаў. Паколькі ў матуліным родзе былі медыкі, дзяўчына вырашыла прадоўжыць сямейную дынастыю і для сябе таксама абрала гэту гуманную прафесію. Вучыцца паступіла ў Жалудокскае медыцынскае вучылішча. Узгадвае, што на той час у Жалудку знаходзіліся некалькі ваенных часцей, таму дзяўчатам-навучэнкам неаднаразова даводзілася пад кіраўніцтвам старэйшых спецыялістаў практыкавацца ў аказанні салдатам медыцынскай дапамогі, у тым ліку па пераліванні крыві. Так, Раіса Канстанцінаўна далучылася да донарскага руху, якому “не здраджвала” на працягу многіх гадоў, за што ўдастоена звання “Ганаровы донар СССР”.

Працоўную дзейнасць маладая акушэрка пачынала ў Казлоўшчынскім радзільным доме, пазней ёй давялося папрацаваць на розных участках: і на ФАПах, і на “хуткай дапамозе”. Усё гэта, а яшчэ жаданне дапамагаць людзям і актыўная жыццёвая пазіцыя, спрыялі назапашванню прафесійных навыкаў, нездарма ў скарбонцы ўзнагарод Раісы Альшэўскай шматлікія дыпломы і граматы, значкі “Выдатніку санітарнай абароны СССР”, “Выдатніку аховы здароўя”, юбілейны медаль “За добрасумленную працу” і іншыя.

Са сваім будучым мужам Мікалаем Васільевічам юная актывістка пазнаёмілася на спаборніцтвах у Навагрудку, праз некаторы час згулялі вяселле. Доўга Раіса Альшэўская працавала на ФАПе ў Лявонавічах, а калі ў 1983 годзе Мікалая Васільевіча прызначылі старшынёй калгаса, сям’я пераехала ў Таркачы.

Як у загадчыцы мясцовага ФАПа ў Раісы Канстанцінаўны “шырокі фронт” работ, бо абслугоўвае яна 10 вёсак у радыусе больш за 8 кіламетраў. Безумоўна, за доўгі адрэзак часу колькасць насельніцтва на ўчастку скарацілася, бо шмат моладзі выехала ў гарады, аднак работы менш не стала: пенсіянерам, якія пераважаюць сярод вяскоўцаў, патрабуецца павышаная ўвага, ды і каранавірусная інфекцыя ўнесла свае карэктывы. Раіса Альшэўская расказвае, што з-за новай хваробы яна больш стала перажываць за пацыентаў шаноўнага веку, усё часцей з прыцягненнем іншых медыцынскіх спецыялістаў праводзіць з жыхарамі і работнікамі арганізацый сельсавета гутаркі аб карысці прышчэпак, радуе, што многія згаджаюцца на вакцынацыю.

Цікава было даведацца ў Раісы Канстанцінаўны і аб традыцыях аграгарадка Таркачы. Сярод лепшых з іх жанчына ўзгадала ўдзел мясцовых жыхароў у мастацкай самадзейнасці.

– Раней тут быў свой творчы калектыў, ладзіліся выезды з канцэртамі ў іншыя населеныя пункты раёна. Сама я не валодаю песенным талентам, таму звычайна была вядучай праграм, дэкламавала вершы, – расказала Раіса Канстанцінаўна.

Сярод традыцый беларускай глыбінкі, якія варта берагчы і захоўваць, стараста аграгарадка назвала ўменне вынікова працаваць талакой, а затым усім разам з песнямі і жартамі дружна адпачываць.

На развітанне вясковая актывістка дала параду маладому пакаленню дзятлаўчан: кожнаму трэба набрацца розуму, думаць толькі сваёй галавой, не паддавацца на зман, каб не трапіць у палон алкагольнай залежнасці або не стаць пешкай у чужых руках.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: