Юбілей як новая старонка жыцця

Важнае Грамадства

Меліяратары Дзятлаўшчыны – з рознай адукацыяй і вопытам работы за плячыма, розным майстэрствам і характарам, аб’яднаныя адказным стаўленнем да справы і любоўю да сваёй прафесіі.

Меліярацыйны стаж Мар’яна Захарэўскага, які нядаўна адзначыў свой 60-гадовы юбілей, вымяраецца менш чым дзесяцігоддзем, аднак з Дзятлаўскім ПМС яго жыццё звязана даўно і трывала.

Больш за 40 гадоў таму, у 1979 годзе, Мар’ян Захарэўскі разам з аднакурснікамі з Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума ў саставе студатрада працаваў на прадпрыемстве сезонным рабочым. Запіс аб гэтым захаваўся ў кнізе загадаў тагачаснай ПМК-55. Студэнты размяшчаліся ў Яварскай школе, у вольны ад работы час ездзілі па вёсках з самадзейнымі канцэртамі.

Вучоба ў тэхнікуме ў многім стала вызначальнай для Мар’яна Генрыхавіча. Тут ён сустрэў спадарожніцу на ўсё жыццё, у будучым жонку Тамару Міхайлаўну, намеціў арыенціры.

Пасля заканчэння навучальнай установы ён працаваў на радзіме ў Астравецкім раёне, а пасля вяселля прыехаў у Дзятлаўскі раён да любімай жонкі. Маладых аграномаў натхніла Дзятлаўшчына, тут яны заснаваліся, тут нарадзіліся і выраслі дзеці.

Працоўны шлях Мар’яна Генрыхавіча непарыўна звязаны з зямлёй. Пачынаў яго на Дзятлаўшчыне ў сельскай гаспадарцы, затым узначаліў Дзятлаўскую сельгасхімію, якая праз некаторы час увайшла ў састаў Дзятлаўскай сельгастэхнікі. Больш за дзясятак гадоў жыцця мужчына прысвяціў рабоце ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, каб нарэшце вярнуцца да таго, з чаго пачынаў даўным-даўно. Прыйшоў у Дзятлаўскае ПМС спачатку на тры месяцы паспрабаваць сябе ў новай справе і застаўся тут надоўга.

Сёння Мар’ян Захарэўскі – майстар Дзятлаўскага ПМС, у яго сферу дзейнасці ўваходзяць пераважна будаўнічыя работы. Напачатку ён працаваў на Карэліцкім вытворчым участку, а затым і на Дзятлаўшчыне. За пару гадоў на прадпрыемстве ён паспеў набыць важкі вопыт, разам з калегамі рэалізаваць не адзін значны праект, сярод якіх – навядзенне парадку на землях сённяшняга СФ “АграМілк”, рэстаўрацыя ачысных збудаванняў ААТ “Молочный Мир”. Па словах юбіляра, гэта прафесійная глава ў яго жыцці яшчэ не дапісана, ад меліярацыі ён чакае новых цікавых справаў і актыўнай работы.

Тым больш, ёсць для каго жыць і працаваць. Сямейнае гняздо Захарэўскіх, з якога ўжо вылецелі дарослыя дзеці, утульнае і для дваіх. Тут муж і жонка пакрыху абнаўляюць дом, не забываючы сваю агранамічную спецыяльнасць, ствараюць на прысядзібным участку цуды ландшафтнага дызайну. Пра планы на будучыню Мар’ян Генрыхавіч кажа з аптымізмам:

– Планую згуляць залатое вяселле ў сваім доме, запрашу баяніста, паклічу блізкіх людзей і знаёмых. А пакуль – проста жыву, радуюся кожнаму новаму дню.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga