Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Камітэтам дзяржкантролю ў лістападзе-снежні 2019 года былі вывучаны пытанні, звязаныя з забеспячэннем адпаведных дзяржаўным стандартам умоваў знаходжання дзяцей у школах.
У Гродзенскім рэгіёне праверачнымі мерапрыемствамі былі ахоплены ўсе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. У цэнтры ўвагі было матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне школ. Правераны стан сістэм ацяплення, вентыляцыі, водазабеспячэння, стадыёнаў, укамплектаванасць спартыўных залаў, захаванне санітарных нормаў і правілаў. Старанна правяраліся харчблокі.
Найбольшая колькасць парушэнняў была ўстаноўлена спецыялістамі буднагляду. Нямала іх было і пры выкананні патрабаванняў пажарнай бяспекі. У частцы дарожна-транспартнай бяспекі былі ўстаноўлены выпадкі адсутнасці зон пасадкі-высадкі навучэнцаў. Парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства заключаюцца ў адсутнасці пашпартоў на сістэмы выцяжной вентыляцыі ў кабінетах хіміі, гарачай вады ў санітарных вузлах, неадпаведнасці патрабаванням аздаблення памяшканняў, наяўнасці цвёрдага пакрыцця пешаходных дарожак. Актыўнасць праявілі і бацькі школьнікаў, якіх хвалявалі пытанні харчавання, захавання тэмпературнага рэжыму ў школах, асвятлення ў вячэрні час прылеглай тэрыторыі, захавання тэхнікі бяспекі ў майстэрнях пры працы з абсталяваннем.
Лічба ўстаноўленых парушэнняў аказалася вялікай.
Было пралічана, што на мерапрыемствы па ліквідацыі выяўленых заўваг спатрэбяцца значныя фінансавыя ўкладанні – больш за 36,76 мільёна рублёў.
Умяшанне камітэта прыносіць свае станоўчыя вынікі. На кастрычнік 2021 года ўжо ліквідавана каля 85 % устаноўленых у 2019 годзе парушэнняў і 77 % – запланаваных да ліквідацыі ў 2021 годзе. Узмацнілася персанальная адказнасць супрацоўнікаў установаў адукацыі.
Аляксандр САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga