Да лідараў групы – “рукой падаць”

Важнае Спорт і турызм

Адбыліся чарговыя матчы адкрытага чэмпіянату горада Ліды па міні-футболе.

На мінулых выхадных дзятлаўская каманда “Граніт-Агра” правяла дзве гульні, вынік якіх быў прадвырашаны яшчэ да стартавага свістка з-за парушэння сапернікамі рэгламенту спаборніцтваў, – футбольным дружынам “Ліда-2” і “ЛЭС” было залічана тэхнічнае паражэнне з лікам 5 : 0. Аднак на радасць балельшчыкам і ўдзельнікам чэмпіянату матчы ўсё роўна адбыліся.

У першым матчы яшчэ да перапынку дзятлаўчане забілі шэсць мячоў. Дублямі адзначыліся Дзяніс Трафімчык і Аляксандр Шышня. У другой палове гульні лідчане трохі актывізаваліся і забілі два галы. Але наш зямляк Дзяніс Трафімчык і не думаў спыняцца на дасягнутым. Футбаліст паразіў вароты праціўніка яшчэ два разы і запісаў у свой актыў чатыры мячы, аформіў так званы “покер”.

Таксама свой уклад у бліскучы матч унеслі гульцы дзятлаўскай каманды Уладзімір Ганчар і Ігар Крагельскі. Як вынік, 10 : 6 – наперадзе дзятлаўчане. Наступная сустрэча была менш удалай: нашы футбалісты саступілі камандзе “ЛЭС” з лікам 7 : 4.

Тэхнічныя перамогі дазволілі “Граніт-Агра” наблізіцца да тройкі лідараў. Зараз мы займаем чацвёртае месца ў групе.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Фота з https://vk.com/lida_champ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga